11 красавіка – Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў
Гэта памятная дата ўсталявана таму, што 11 красавіка 1945 г. у Бухенвальдзе, адным з самых буйных нацысцкіх канцлагераў, пачалося ўзброенае паўстанне, арганізаванае інтэрнацыянальнымі сіламі вязняў супраць фашысцкіх катаў. Калі ў гэты ж дзень у лагер увайшлі амерыканскія салдаты, паўстанцы ўжо кантралявалі яго тэрыторыю. Вязні не толькі здолелі вызваліцца, яны зрабілі ўсё магчымае, каб нацысты не змаглі знішчыць сляды сваіх зверстваў. Потым паказанні зняволеных у Бухенвальдзе і іншых канцлагерах былі агучаны падчас міжнароднага Нюрнбергскага трыбунала, які асудзіў фашысцкіх злачынцаў.