Жыць у ладзе з сабой і светам

Не забываюцца бібліятэкі аб прафілактыцы негатыўных з’яў у маладзёжным асяроддзі і фарміраванні адказнага стаўлення да жыцця ў соцыуме.

Мокраўская сельская бібліятэка правяла для вучняў 2 – 5 класаў мясцовай сярэдняй школы інтэлектуальную віктарыну “Здаровы лад жыцця”.

У Новазасімавіцкай сельскай бібліятэцы адбыўся квэст “Тэрыторыя здароўя”. У захапляльнай гульні паўдзельнічалі старшакласнікі Параслянскай сярэдняй школы. Яны складвалі чэк-аркушы і меню каларыйнасці, адгадвалі рэбусы, загадкі, крыжаванкі, прадстаўлялі пантамімы, шукалі тэматычныя кнігі. Падрыхтаваная да мерапрыемства кніжная выстава дапамагла рабятам паспяхова выканаць усе заданні.

На квэст-гульню “Зберажом здороўе самі” запрасіла школьнікаў Шарашоўская гарпасялковая бібліятэка. Падчас своеасаблівага спаборніцтва хлопчыкі і дзяўчынкі выканалі шмат цікавых і нестандартных заданняў.

Магілявецкая сельская бібліятэка зладзіла для школьнікаў агляд літаратуры аб здаровым ладзе жыцця і выставу “Як жыць, каб здароўе зберагчы”.

Вучні Пружанскага аграрна-тэхнічнага каледжа наведалі цэнтральную раённую бібліятэку імя М.Засіма і паўдзельнічалі ў гадзіне разваг “Недзіцячае свавольства”. Моладзь абмеркавала тэму булінгу: прычыны, негатыўнае ўздзеянне, прававая адказнасць, метады змагання.

Размова, накіраваная на прафілактыку правапарушэнняў сярод падлеткаў “Я нясу адказнасць за свае ўчынкі” прайшла ў Калядзіцкай сельскай бібліятэцы.

А ў Пружанскай гарадской бібліятэцы адбылася гульнявая праграма “Красавіцкія жарты”, якая дазволіла пазнавальна і карысна арганізаваць вольны час вучняў 5 “В” класа сярэдняй школы №5.

Добавить комментарий