Здароўе і не толькі

Актыўна пачала красавік Пружанская гарадская бібліятэка. Бібліятэкары ўстановы падрыхтавалі шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных Сусветнаму дню здароўя.

Для вучняў дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа была праведзена інфармацыйная гадзіна “Тытунь – твой вораг”. Моладзь даведалася аб гісторыі з’яўлення тытуню, а таксама шкодзе, якую ён наносіць арганізму чалавека. Спецыяльна да прафілактычнага мерапрыемства была падрыхтавана тэматычная прэзентацыя і кніжная выстава.

А для самых маленькіх чытачоў – выхаванцаў дзіцячага сада № 5 г.Пружаны – прайшла гульня-віктарына “Дзе хаваецца здароўе”. Хлопчыкі і дзяўчынкі адгадвалі загадкі, знаёміліся з літаратурай і карыснымі парадамі па захаванні здароўя. Сустрэча ў бібліятэцы завяршылася праглядам мультыплікацыйнай стужкі пра здаровы лад жыцця.

А ў Пружанскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя М.Засіма для вучняў аграрна-тэхнічнага каледжа адбыўся прававы ўрок “Здароўе: нашы правы і адказнасць”. Маладыя людзі пазнаёміліся з міжнародным і беларускім заканадаўствам у галіне аховы здароўя, даведаліся аб мерах прафілактыкі па захаванні добрага самаадчування, адказалі на пытанні віктарыны, якія тычыліся адказнасці за паленне, ужыванне спіртных напояў у грамадскіх месцах і інш.

Віртуальнае падарожжа “Мне выпала шчасце тут нарадзіцца” здзейснілі маленькія чытачы, якія наведалі Кляпацкую сельскую бібліятэку. Дзеці разважалі аб патрыятызме, пазнаёміліся са славутасцямі Беларусі. Завяршылася мерапрыемства віктарынай на веданне загадак, прыказак і прымавак аб Радзіме.

Добавить комментарий