Яшчэ адна кропка на памятнай карце Пружаншчыны

На тэрыторыі Пружанскага раёна шмат памятных месцаў. Адным з іх з’яўляецца вёска Байкі – сястра Хатыні. 22 студзеня 1944 г.  вёска была спалена гітлераўцамі, а яе жыхары (каля 1 тыс. чалавек) закатаваны і растраляны. Нашчадкі захоўваюць памяць аб гэтых жудасных падзеях мінулага. На пахаванні ахвяр фашызму праходзяць мітынгі, падтрымліваецца парадак.

Але не толькі брацкая магіла нагадвае сучаснікам аб Вялікай Айчыннай вайне. Вёска ў пасляваенны час аднавілася. Нямногія выжыўшыя адбудавалі свае хаты на ранейшых месцах. Сярод іх быў дом сям’і Баран, які аднавіў былы партызан і франтавік Павел Максімавіч.

На гэтым доме пазней былі ўсталяваны дзве мемарыяльныя дошкі: адна – піянеру-герою Ціхану Максімавічу Барану, які паўтарыў позвіг Івана Сусаніна, а другая – падпольнай друкарні Брэсцкага антыфашысцкага камітэта, якая знаходзілася каля дома сям’і Баран з восені 1942 г. да лета 1943 г. У гэтай зямлянцы неаднойчы знаходзілі прытулак відныя дзеячы партызанскага руху вобласці Іосіф Урбановіч і Мірон Крыштафовіч, было надрукавана больш за 100 тыс. экзэмпляраў газет, лістовак, зводак Саўінформбюро.

Дарэчы, зямлянка так і не была выкрыта нямецкімі акупантамі і захавалася да нашых дзён. Пружанскае раённае аддзяленне Беларускай партыі “Белая Русь” вырашыла ўзяць шэфства над гэтым аб’ектам, каб прывясці яго ў парадак.

23 верасня члены ваенна-патрыятычнага клуба “За Радзіму!” Пружанскага гарадскога Палаца культуры і старшыня раённага аддзялення партыі Віталій Матвіенка пачалі прыводзіць зямлянку ў годны стан і правялі суботнік. Работы па добраўпарадкаванні аб’екта працягнуцца ў бліжэйшы час.

Добавить комментарий