Выстава да Дня яднання народаў Беларусі і Расіі

30 сакавіка ў Пружанскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя М.Засіма адкрылася фотавыстава “Лепшыя гарады Расіі”, распрацаваная Расійскім цэнтрам навукі і культуры г.Брэст. Яна была прымеркавана да дзяржаўнага свята – Дня яднання народаў Беларусі і Расіі, якое адзначаеца 2 красавіка.

На ўрачыстым адкрыцці выставы прысутнічалі намеснік старшыні Пружанскага райвыканкама Р.Супрыновіч, віцэ-консул Генеральнага консульства Расійскай Федэрацыі ў Брэсце Ю.Сяменчанка, галоўны спецыяліст аддзела культуры райвыканкама Т.Пура. Падчас сваіх выступленняў яны адзначылі даўнія міждзяржаўныя кантакты, якія садзейнічаюць далейшаму ўзаемадзеянню паміж Беларуссю і Расіяй.

Сапраўдным ўпрыгажэннем мерапрыемства стала выступленне творчых калектываў Калядзіцкага сельскага Дома культуры (загадчык А.Сівачэнка), якія прадставілі этнаграфічную замалёўку “Кала жыцця” і прадэманстравалі мадэлі адзення тэатра моды “Таямніца”. Свае саламяныя вырабы віцэ-консулу падаравала Народны майстар Беларусі М.Кулецкая.

Першую экскурсію па выставе “Лепшыя гарады Расіі” правяла дырэктар бібліятэкі Т.Гуторкіна. Таксама ўстанова культуры падрыхтавала да дзяржаўнага свята новую кніжную выставу “Незвычайныя мясціны Беларусі”, якую прадставіла гледачам загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі Ю.Лаўраш.

Да таго ж госці мерапрыемства наведалі музейны пакой дзяржаўнай установы адукацыі “Сярэдняя школа №1 г.Пружаны імя Чырвонасцяжнай Беларускай ваеннай акругі”, з экспазіцыяй якога пазнаёміў настаўнік гісторыі Ю.Макарчук.

Фотавыстава “Лепшыя гарады Расіі”, якая размясцілася ў фае другога паверха Пружанскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя М.Засіма, будзе працаваць да 10 красавіка.

Добавить комментарий