Вясновых фарбаў карусель

Самыя разнастайныя заняткі прапанавалі дзецям і моладзі клубныя ўстановы падчас вясновых канікул.

У Роўбіцкім сельскім клубе-бібліятэцы прайшла забаўляльная праграма «Вясновых фарбаў карусель», інфармацыйная гадзіна і конкурс малюнка «Сябруем з законам», а таксама майстар-клас «Падстаўка для алоўкаў». Рабяты атрымалі шмат карыснай інфармацыі, адпачылі, праявілі свае творчыя здольнасці.

На гульнявую праграму «Казачныя парушальнікі закона», гульню «Здагадайся» і конкурс «Правы чалавека» запрасіў рабят Велікасельскі сельскі Дом культуры. Разам з работнікамі культуры хлопчыкі і дзяўчынкі пагулялі і набылі новыя веды.

Да Міжнароднага дня тэатра Шарашоўскі цэнтр культуры і вольнага часу прапанаваў дзецям паспрабаваць сябе ў ролі акцёраў і паўдзельнічаць у інсцэніроўцы казкі. Для пяцікласнікаў Шарашоўскай сярэдняй школы клубныя работнікі правялі спартыўныя спаборніцтвы «Вясёлая эстафета». Таксама для падлеткаў прайшла гутарка «Сябруем з законам». Напарэдадні каталіцкага Вялікадня гурток дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва запрасіў жадаючых наведаць майстар-клас па афарбоўцы яек. А да Дня яднанная народаў Беларусі і Расіі цэнтр культуры і вольнага часу запрасіў на круглы стол на свежым паветры «Беларусь і Расія: адзін лёс і гісторыя».

Цікава прайшла інфармацыйная гадзіна «Сяброўства без межаў» да дзяржаўнага свята, якое адзначалася 2 красавіка, у Кляпацкім сельскім Доме культуры. Дзеці даведаліся аб гісторыі свята, паўдзельнічалі ў віктарыне, а таксама пазнаёміліся з традыцыйнай кухняй – блінамі і дранікамі.

Не абмінуў знакавую дату Навасёлкаўскі сельскі Дом культуры: падлеткі паўдзельнічалі ў інфармацыйнай гадзіне «Дзве сястры – Беларусь і Расія». Таксама клубная ўстанова прапанавала школьнікам бліжэй пазнаёміцца з прафесіяй настаўніка на тэматычнай гадзіне «Вучу іншых і сам вучуся».

Добавить комментарий