У «Спадарожніку» з’явіўся ўнікальны экспанат

 

У фае пружанскага кінатэатра «Спадарожнік» нядаўна з’явіўся цікавы экспанат – кінапраектар 23КПК. Гэта раней самы масавы савецкі стацыянарны праектар, які быў прызначаны для дэманстрацыі звычайных, кашэціраваных (1,66:1) і шырокаэкранных стужак на 35-міліметровай плёнцы з аптычнай фанаграмай.

Праектар выпускаўся Ленінградскім оптыка-механічным аб’яднаннем «ЛОМА» з 1973 па 1993 гады. Яго вага складала каля 400 кг! Механізм быў прыдатны для аўтаномнай работы і аўтаматызаванага кінапаказу з дзвюх ці трох пастоў пры рабоце з прыстасаваннем АКП-6 у кіназалах з колькасцю месцаў да 400.

Такімі праектарамі была абсталявана большасць кінатэатраў савецкага часу з сярэдзіны 1970-х гг. Не выключэннем быў і наш кінатэатр «Спадарожнік», дзе гэты механізм выкарыстоўваўся да пачатку 2000-х гг. Дарэчы, экспанат, які сёння можна ўбачыць у Пружанах, выкарыстоўваўся да 2013 г. у кропцы кінапаказу ў Шарашоўскім цэнтры культуры і вольнага часу.

Сёння кінапраектар 23КПК – ужо рарытэт. Прыходзьце ў «Спадарожнік», паглядзіце цікавую кінастужку і дакраніцеся да сапраўднай гісторыі тэхнікі.

Добавить комментарий