У рытме Новага года

У перыяд навагодніх свят Пружанскі гарадскі Палац культуры правёў шэраг святочных праграм для дзяцей і дарослых.

Для самых маленькіх з 25 па 29 снежня адбыліся мульцішоу «Навагодняя тусоўка». Усе прысутныя на іх змаглі акунуцца ў свет чараўніцтва і сапраўднай казкі, танцавалі, вадзілі карагоды, запальвалі агенчыкі на елачцы. Галоўнымі героямі прадстаўлення былі Дзед Мароз, Снягурка, Круэла, Жасмін, Фіёна, ролю якіх выканалі работнікі Палаца культуры.

У самую чароўную ноч года на пляцоўцы каля Воднага палаца Дзед Мароз і Снягурка павіншавалі пружанцаў са святам і прапанавалі танцавальна-забаўляльную праграму «З Новым годам!», падчас якой можна было патанцаваць, пагуляць і паспяваць вясёлыя песні. У Палацы культуры ў гэты час адбылася дыскатэка.

Вечарам 1 студзеня каля галоўнай гарадской ёлкі на плошчы па вул.Савецкай таксама было весела і цікава. Дзед Мароз і Снягурка запрасілі ў карагод вакол лясной прыгажуні, павіншавалі ўсіх са святам. Вядучая мерапрыемства – Баба Яга – забаўляла прысутных конкурсамі, гульнямі і танцамі. Завяршыўся першы навагодні дзень дыскатэкай ад «Радыё Брэст».

Весела святкавалі і ў Белавусаўшчыне. У мясцовым сельскім клубе-бібліятэцы адбыўся канцэрт «Навагодняе папуры».

Добавить комментарий