У Ружанскім музеі новы экспанат – таварная пломба 1836 года

Музейныя фонды Ружанскага палацавага комплексу роду Сапегаў папоўніліся яшчэ адным унікальным предметам ХІХ стагоддзя, які мае непасрэднае дачыненне да гісторыі Ружан, – свінцовай таварнай пломбай 1836 года.

Трэба адзначыць, што большая частка музейных экспанатаў трапляе ў фондавыя калекцыі шляхам дарэння ад прыватных асоб. Не выключэнне і таварная пломба – яе перадаў музею Аляксандр Мікалаевіч Зайцаў, які цікавіцца гісторыяй і падтрымлівае развіццё культуры раёна.

Сёння прадмет праходзіць навуковае вывучэнне. Дарэчы, гэтаму спрыяе і сам экспанат, які з’яўляецца крыніцай інфармацыі. Так, на пломбе захаваўся надпіс: «ГРОД. ГУБ. СЛОН. УЕЗД. МЕСТ. РУЖАН. ФАБ. 2 ГИЛ КУП. ЛЕЙБА НЕВАХОВИЧА ПИНЕСА 1836 ГОД». Гэта дазваляе сцвяржаць, што пломба, хутчэй за усё, выкарыстоўвалася на ружанскай суконнай фабрыцы, дзейнасць якой прыпадае на 1833 – 1914 гады. Уладальнікамі прамысловага прадпрыемства былі браты-яўрэі Пінесы. У розныя часы на фабрыцы выраблялі сукно і баваўняныя коўдры. Вытворчасць мела вадзяны рухавік, лакамабілі, 51 ткацкі станок, 5 часальных і 6 прадзільных машын. У 1903 годзе з’явіліся 2 паравыя машыны і паравы кацёл. На суконнай фабрыцы Пінесаў працавала 150 рабочых.

Свінцовая таварная пломба 1836 года ружанскай суконнай фабрыкі хутка папоўніць экспазіцыю музея.

Добавить комментарий