Розныя адценні свята

Пружаншчына шчыра і разнастайна адзначыла дзяржаўнае свята – Дзень народнага адзінства.

Сярод шэрагу мерапрыемстваў, праведзеных у г.Пружаны, неабходна ўзгадаць памятны мітынг каля брацкай магілы, які падрыхтаваў Палац культуры. На ім прысутнічалі прадстаўнікі органаў улады, грамадскіх аб’яднанняў, арганізацый горада, школьнікі. Таксама напярэдадні свята аўтаклуб у фае Палаца культуры зладзіў выставу работ наведвальнікаў аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў (пас.Сонечны) “У сям’і адзінай”. У нядзелю аматараў інструментальнай музыкі чакала сустрэча з гуртам “Variant”, пачас якой прагучалі вядомыя песні пра каханне, сяброўства і родны край.

Удзельнікі калектываў аматарскай творчасці Навасёлкаўскага сельскага Дома культуры запрасілі жыхароў аг.Кабылаўка на тэматычны канцэрт “Мы разам!” і дыскатэку. У фае ўстановы жадаючыя пазнаёміліся з выставай народнай творчасці “Беларускі матыў”, падрыхтаванай гуртком “Майстрыха” (кіраўнік Л.Паўлючык).

Дзяржаўнаму святу быў прысвечаны канцэрт “У адзінстве – моц!” у Белавусаўшчынскім сельскім клубе-бібліятэцы.

Сухопальскі сельскі клуб-бібліятэка таксама запрасіў мясцовых вяскоўцаў на святочны канцэрт “Наша моц – у адзінстве!”.

Разнастайную праграму да Дня народнага адзінства падрыхтаваў Старавольскі сельскі клуб-бібліятэка. Яна пачалася канцэртам “Пад адным небам”, прадоўжылася стварэннем карты “Любімая Беларусь”, на якой кожны жадаючы мог змясціць адбітак сваёй далоні. Завяршылася мерапрыемства танцавальным флэшмобам і дыскатэкай.

Не менш цікава прайшло свята ў Калазубскім сельскім клубе-бібліятэцы. Са знакавым днём прысутных павіншаваў настаяцель варанілавіцкага храма Мікалай Машлякевіч. Потым дарослыя і дзеці паўдзельнічалі ў віктарыне “Беларусь моцная адзінствам”, наведалі выставу “У адзінстве народа – моц дзяржвы”, паслухалі сольны канцэрт мясцовага спевака Юрыя Слінкі.

Мокраўскі сельскі Дом культуры запрасіў на вусны часопіс “Адзінства – гэта моц!”, падчас якога рабяты пазнаёміліся з цікавымі фактамі з гісторыі роднага краю і адказалі на пытанні відэавіктарыны. Работнікі культуры сумесна з Мокраўскай сярэдняй школай таксама арганізавалі велапрабег па вёсцы, прымеркаваны да Дня народнага адзінства.

Добавить комментарий