Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя «VIII Тышкевіцкія чытанні: Гісторыка-культурная спадчына магнацкіх родаў Тышкевічаў і Сапегаў: культурна-антрапалагічны аспект»

15 мая ў ДУК «Ружанскі палацавы комплекс роду Сапегаў» прайшла рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя «VIII Тышкевіцкія чытанні: Гісторыка-культурная спадчына магнацкіх родаў Тышкевічаў І Сапегаў: культурна-антрапалагічны аспект». У канферэнцыі прынялі ўдзел даследчыкі, краязнаўцы і музейныя работнікі. Ружаны, як месца правядзення, былі выбраны не выпадкова. У сярэдзіне XVI стагоддзя род Тышкевічаў валодаў Ружанамі і пакінуў свой след у гісторыі пасёлка.

«Тышкевіцкія чытанні» — рэспубліканская навуковая канферэнцыя, прысвечаная жыццю Канстанціна Тышкевіча — этнографа, краязнаўцы, гісторыка, які жыў у Лагойску. Разам са сваім братам Юстасам ў 1842 годзе ён стварыў музей, які лічыўся першым у Беларусі. Беларускі дзяржаўны універсітэт культуры і мастацтваў ініцыяваў стварэнне «Тышкевіцкіх чытанняў», так як яго супрацоўнікі даўно працуюць над вывучэннем гісторыі роду. У гэтым годзе «Тышкевіцкія чытанні» былі прысвечаны гісторыка-культурнай спадчыне магнацкіх родаў Тышкевічаў і Сапегаў і яе культурна-антрапалагічнаму аспекту. На канферэнцыі былі прадстаўлены навуковыя даклады, накіраваныя на вывучэнне прадстаўнікоў родаў Тышкевічаў і Сапегаў, іх жыцця і дзейнасці, іх маёнткаў, сучаснага развіцця іх рэзідэнцый, у тым ліку і ружанскай, а таксама матэрыяльнай спадчыне беларусаў. Разгледжаны наступныя пытанні: уплыў грамадзянска-палітычнай і навукова-творчай дзейнасці Тышкевічаў у Беларусі і замежжы, творчасці Бенедыкта Тышкевіча ў станаўленні беларускага фотамастацтва, пытанне аб першым музеі ВКЛ, асобы Беаты Тышкевіч у кінематографе, а таксама мемарыялізацыі Сапегаў, гісторыі рэзідэнцыі ў Дзярэчыне, сучаснага жыцця ружанскай рэзідэнцыі і інш. Падчас правядзення канферэнцыі дзейнічала 2 секцыі, дзе і было зачытана 17 дакладаў, якія ўвайшлі ў зборнік дакладаў, што быў прадстаўлены пад час мерапрыемства.

Прадстаўнікі кафедры культуралогіі, музеязнаўства і Інстытута павышэння кваліфікацыі былі рады наведаць Ружаны і пазнаёміцца ​​з музеем, палацавым комплексам і Ружанскі святынямі — касцёлам Святой Тройцы і царквой Святых апосталаў Пятра і Паўла.

На памяць аб сваім візіце госці падарылі музею унікальны экспанат — сальніцу 19 стагоддзя, якая была выраблена на Тэлеханскай мануфактуры. А таксама музею быў паднесены габелен ручной работы з геаметрычным малюнкам, які быў выраблены студэнтамі універсітэта.

Мы спадзяемся, што канферэнцыя будзе выдатным пачаткам плённага супрацоўніцтва.

Добавить комментарий