У Пружанскім раёне працягваецца сацыяльны праект “Хай заўсёды будзе заўтра”. На мінулым тыдні мерапрыемствы, праведзеныя клубнымі ўстановамі, былі накіраваны на прафілактыку ўжывання і збыту наркатычных сродкаў, псіхатропаў і іх аналагаў сярод непаўналетніх у рамках рэспубліканскай акцыі “Разам за здаровую будучыню!”.
Сярод мерапрыемстваў неабходна адзначыць дыялогавыя пляцоўкі “Паразмаўляй з падлеткам”, якія адбыліся ў Слабудскім сельскім Доме культуры і Шарашоўскім цэнтры культуры і вольнага часу. Падчас іх з моладдзю сустрэўся начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх Пружанскага раённага аддзела ўнутраных спраў Віктар Клімашэвіч. Ён расказаў юнакам і дзяўчатам аб негатыўных наступствах ужывання і збыту наркатычных сродкаў, адказнасці, якая прадугледжана заканадаўствам. Віктар Мікалаевіч таксама адказаў на пытанні падлеткаў.
Не засталіся ўбаку ад правядзення прафілактычных спраў медыцынскія работнікі. У дыспуце “Я ведаю, як трэба па жыцці ісці”, які прайшоў у Навасёлкаўскім сельскім Доме культуры, прыняла ўдзел загадчык мясцовай амбулаторыі агульнай практыкі Анастасія Куратава. Перад тэматычнай дыскатэкай “Спасайся от СПАЙСА!” у Ружанскім цэнтры культуры і вольнага часу адбылася сустрэча падлеткаў з загадчыкам тэрапеўтычнага аддзялення Ружанскай гарадской бальніцы Таццянай Лазарчык. Роўбіцкі сельскі Дом культуры запрасіў на інфармацыйную гадзіну “Нам не ўсё роўна” загадчыка фельчарска-акушэрскага пункта Алу Жукоўскую. На гутарку “Наркотыкі – шлях у нікуды” ў Белавусаўшчынскі сельскі Дом культуры завітала загадчыца ФАПа Ірына Шчэрба. А Мураўскі сельскі Дом культуры накіраваўся на фельчарска-акушэрскі пункт у аграгарадку, дзе загадчык Святлана Давідзюк пагутарыла з падлеткамі на тэму “Наркаманія – шлях у бездань”. Установа культуры таксама правяла свята здароўя для дзяцей “У краіне карысных і шкодных звычак”.
Падчас рэалізацыі праекта “Хай заўсёды будзе заўтра” адбыліся акцыі “Наркотикам – НЕТ, здоровью – ПРИВЕТ!” (Велікасельскі сельскі Дом культуры), “Здаровы лад жыцця – наш выбар!” (Новазасімавіцкі сельскі Дом культуры), “Дрэва ЗЛЖ” (Навасёлкаўскі сельскі Дом культуры), “Моладзь супраць наркотыкаў” (Слабудкі сельскі Дом культуры).
Сухопальскі сельскі клуб-бібліятэка зладзіў тэматычную дыскатэку “Здаровае пакаленне”. Забаўляльна-пазнавальную праграму “Делу время – потехе час” і экскурсію “Сустрэча з вясенняй прыродай” правялі ў Шарашоўскім цэнтры культуры і вольнага часу. А Ружанскі цэнтр культуры і вольнага часу арганізаваў віктарыну “Знаўцы здаровага ладу жыцця”.
Праект “Хай заўсёды будзе заўтра” працягваецца.