Разам за чысціню і парадак

Шэраг працоўных акцый правялі работнікі сферы культуры ў г.п.Ружаны.

11 красавіка калектыў дзяржаўнай установы культуры “Ружанскі палацавы комплекс роду Сапегаў” правёў санітарны дзень. Падчас яго была вычышчана прылеглая тэрыторыя, вымыты вокны, пафарбаваны лаўкі, выкашана трава, прыбрана смецце і галлё. Таксама работнікі музея навялі парадак каля драўлянай скульптурнай кампазіцыі з выявай герба роду Сапегаў, якая ўпрыгожвае пасёлак. Да таго ж працоўны калектыў палацавага комплексу па ўласнай ініцыятыве вырашыў добраўпарадкаваць памятны знак на месцы спаленай падчас Вялікай Айчыннай вайны вёскі Канстанцінава. Работнікі музея прыбралі мінулагоднюю расліннасць, вымылі плітку, ачысцілі і пафарбавалі памятны знак, а таксама аднавілі земляныя прыступкі, якія вядуць да мемарыяльнага месца. Гэты працоўны дэсант не застаўся незаўважаным – жыхары суседняй вёскі Воля падзякавалі калектыву палацавага комплексу за добрую і важную справу.

Далучыўся да добраўпарадкавання гардскога пасёлка калектыў дзяржаўнай установы адукацыі “Ружанская дзіцячая школа мастацтваў”. Настаўнікі і технічны персанал, і нават члены іх сем’яў, навялі парадак у мясцовым скверы. Падчас суботніку работнікамі ўстановы адукацыі ў сферы культуры было прыбрана старое лісце, трава і смецце, выдалены хмызняк, вычышчаны дарожкі.

Навядзенне парадку на зямлі – гэта справа кожнага!

Добавить комментарий