Разам дружная сям’я

Шмат разнастайных мерапрыемстваў, прымеркаваных да свята сям’і, правялі ўстановы культуры раёна.

Напярэдадні 15 мая Пружанская раённая бібліятэка імя Алены Лось запрасіла на гадзіну сямейнага адпачынку «Сям’я – дом шчасця». Бібліятэкары расказалі аб гісторыі свята, разам з удзельнікамі мерапрыемства паразважалі над сэнсам слова «сям’я», пазнаёмілі прысутных з кнігамі аб сям’і і сямейных каштоўнасцях. У ходзе сустрэчы ў выкананні дзяцей прагучалі вершы, прысвечаныя мамам і татам, бабулям і дзядулям. Рабяты ўспомнілі прыказкі і прымаўкі аб сям’і, паўдзельнічалі ў інсцэніроўцы казкі «Церамок».

Белавусаўшчынская сельская бібліятэка і сельскі Дом культуры правялі для моладзі гульнявую праграму «Вялікі цуд – сям’я». Юнакі і дзяўчаты праявілі сябе ў конкурсах, віктарынах, гульнях, падзяліліся думкамі аб сямейным жыцці і шчасці.

Дзень сямейнай творчасці прайшоў у Новазасімавіцкім сельскім Доме культуры. Вясковыя сем’і, якія завіталі на мерапрыемства, наведалі майстар-клас па аквагрыму, паўдзельнічалі ў конкурсе малюнкаў на асфальце і паспаборнічалі ў гульнявой праграме «Пад блакітным небам», якую падрыхтавалі ўдзельнікі дзіцячага аматарскага аб’яднання «Живчик».

Роўбіцкі селькі Дом культуры вырашыў звярнуць увагу на захаванне сямейных традыцый. Ва ўстанове адбыўся вечар-сустрэча «Зазірні ў сямейны альбом». Аб гісторыі сваёй сям’і і роднага краю расказала мясцовая жыхарка Любоў Андрэеўна Брытун.

Вялікую музычна-паэтычную праграму «Разам дружная сям’я» правёў Кляпацкі сельскі Дом культуры. З канцэртнымі нумарамі перад гледачамі выступілі дзіцячыя калектывы аматарскай творчасці ўстановы, а таксама філіяла дзіцячай школы мастацтваў імя Р.Р.Шырмы, які працуе ў аграгарадку.

Падзяліцца навіной:

Добавить комментарий