Прыносіць людзям радасць

Як мала патрэбна для добрага настрою – усмешкі, цёплыя адносіны, шчырыя словы.

7 мая ў Беларусі адзначылі Дзень работнікаў радыё, тэлебачання і сувязі. З нагоды прафесійнага свята аўтаклуб наведаў Пружанскі цэх электрасувязі. Артысты павіншавалі работнікаў арганізацыі і прадставілі канцэртную праграму, у якой удзельнічалі вакальны гурт «Забава», дэут «Гармошечка» і сольныя выканаўцы.

Таксама аўтаклуб працягваў правядзенне віншавальных праграм з нагоды Дня Перамогі ў маланаселеных вёсках. Артысты завіталі да былых вязняў фашысцкіх канцлагераў – А.К.Сачко ў в.Боркі, Н.М.Шамрук (в.Глыбокі Кут), С.А.Казлоўскага (в.Дзітаветчына), Л.Ф.Шчэрбы (в.Шчарбы), М.М.Пукіты (в.Чабахі), А.М.Краўчука (в.Ганчары), В.І.Старун (в.Старуны).

Нядаўна дзіцячы пакой «Тэрыторыя твайго дзяцінства», які працуе ў гарадскім Палацы культуры, у чарговы раз прыймаў наведвальнікаў – рабят, якія займаюцца ў Пружанскім раённым цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Дзеці з задавальненнем гулялі, будавалі вежу з канструктара, скакалі на батуце, займаліся іншымі цікавымі справамі. Хлопчыкам і дзяўчынкам дапамагалі правясці вольны час не толькі культарганізатары, але і валанцёры з атрада «Ад сэрца да сэрца» з сярэдняй школы № 5.

Работнікі Шарашоўскага цэнтра культуры і вольнага часу зладзілі гульнявую праграму «Майскія радасці» для групы падоўжанага дня мясцовай сярэдняй школы. Дзеці пабавілі час на свежым паветры, паспаборнічалі ў разнастайных конкурсах і атрымалі прызы.

А ў Белавусаўшчынскім сельскім Доме культуры прайшла гульня-віктарына “Падарожжа па Краіне казак”: рабяты адказвалі на пытанні, рашалі галаваломкі, пазнавалі казкі па прадметах і інш.

Сярод шэрагу мерапрыемстваў, прысвечаных 90-годдзю з дня нараджэння нашага вядомага земляка Народнага майстра Рэспублікі Беларусь Мікалая Тарасюка з в.Стойлы, Белавусаўшчынская сельская бібліятэка правяла для дзяцей краязнаўчую гадзіну «Сялянскі філосаф і мастак».

Добавить комментарий