Працуюць пружанскія ганчары

Ганчарная майстэрня Пружанскага гарадскога Палаца культуры заўсёды рада гасцям.

У гэтым маглі ўпэўніцца ўсе, хто на мінулым тыдні завітаў да пружанскіх ганчароў Віталя Раманоўскага і Генадзя Міранюка.

Для школьнікаў, якія вырашылі цікава і з карысцю пабавіць свой канікулярны час, ганчары правялі інфармацыйна-пазнавальныя экскурсіі «Керамікі душа живая» і майстар-класы «Лепка з гліны». У майстэрні хлопчыкі і дзяўчынкі паспрабавалі свае сілы ў творчасці і пазнаёміліся з выставамі работ майстроў-ганчароў і наведвальнікаў студый.

На экскурсію і майстар-клас па ганчарстве таксама завіталі ўдзельнікі мерапрыемства ў цэнтральнай раённай бібліятэцы імя М.Засіма, прымеркаванага да Дня яднання народаў Беларусі і Расіі, – прадстаўнікі Расійскага цэнтра навукі і культуры ў г.Брэст і члены Маладзёжнага парламента пры Пружанскім раённым Савеце дэпутатаў.

Таксама ў ганчарнай майстэрні адбыліся здымкі аўтарскага праекта Паўла Дубінчыка «Як дома», які выходзіць на тэлеканале «Беларусь-2». Вядучыя перадачы Луі з Анголы і Кайла Пінеда з Венесуэлы пазнёміліся з працай пружанскіх ганчароў і паспрабавалі сябе ў лепцы з гліны. Выпуск тэлепарадачы будзем чакаць у эфіры тэлеканала «Беларусь-2» 6 красавіка.

Дарэчы, нядаўна Віталь Раманоўскі і Генадзь Міранюк прадставілі свае творчыя работы на абласны конкурс, прымеркаваны да 85-годдзя Брэсцкай вобласці. Яны стварылі высокамастацкія гліняныя скульптуры зуброў – сімвалаў Першага рэгіёну.

Добавить комментарий