Пахаваны невядомыя воіны

7 снежня на вайсковых могілках у вёсцы Слабудка адбылося перапахаванне трох невядомых чырвонаармейцаў, астанкі якіх былі знойдзены 52-м спецыялізаваным пошукавым батальёнам Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь у вёсках Блізная і Клепачы Ружанскага сельсавета.

Аб неабходнасці захавання памяці аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны, ушанаванні і клопаце аб воінскіх і грамадзянскіх пахаваннях, захаванні міру гаварылі ў сваіх выступленнях старшыня Пружанскага райвыканкама М.М.Грышкевіч, ваенны камісар К.У.Шаўчэнка, старшыня раённай арганізацыі ветэранаў У.А.Яцкевіч, святар храма святога благавернага князя Аляксандра Неўскага г.Пружаны Д.Папоў. На мітынгу прысутнічалі прадстаўнікі органаў улады, грамадскіх арганізацый, устаноў і прадпрыемстваў, школьнікі, мясцовыя жыхары. Яны ўшанавалі памяць загінуўшых, усклалі кветкі і вянкі да магілы.

Сцэнарый мітынгу падрыхтаваў Пружанскі гарадскі Палац культуры.

На вайсковых могілках № 172 з 2005 г. адбываюцца перапахаванні астанкаў воінаў Чырвонай Арміі. Гэта было ўжо дзевятае пахаванне. За 17 год свой апошні прытулак тут знайшлі 97 вайскоўцаў. Нажаль, 93 з іх назаўсёды застануцца невядомымі саладтамі мінулай вайны. На сённяшні дзень устаноўлена, што ў в.Слабудка пахавана 324 чалавекі, вядомы імёны – 232. За бягучы год удалося ўстанавіць 32 імені, якія будуць нанесены на мемарыяльныя пліты цэнтральнага брацкага пахавання.

Падрабязней        тут: https://www.youtube.com/watch?v=Y_bumNE2oqA

Добавить комментарий