Палац культуры прадставіў абрад “Дзяды”

18 лістапада напярэдадні Міхайлаўскіх Дзядоў – дня ўшанавання продкаў – Пружанскі гарадскі Палац культуры прадставіў тэатралізаваную пастаноўку паводле старадаўняга беларускага абрада “Дзяды”.

Абрад памінання памерлых выканалі артысты народнага драматычнага калектыву “Сейбіты” пад кіраўніцтвам Васіля Іванавіча Курачынскага.

Глядач змог акунуцца ў атмасферу традыцыйнага абраду і разам з артыстамі адчуць своеасаблівы подых мінуўшчыны. Сцэнарый пастаноўкі грунтаваўся на этнаграфічным матэрыяле Пружанскага раёна. Аўтэнтычныя дэкарацыі і касцюмы садзейнічалі эмацыянальнаму ўспыманню гледачамі ўсяго, што адбываліся на сцэне. На стале была сапраўдная памінальная ежа: куцця, бліны, мяса. Гаспадары звалі дзядоў за стол, успаміналі памерлых продкаў, выконвалі адпаведныя дзеі.

Пранікнёнае і шчырае выкананне абраду “Дзяды” артыстамі Палаца культуры не аставіла раўнадушнымі ніводнага гледача ў зале. Кожны з прысутных здолеў не толькі далучыцца да старадаўняй традыцыі, але і адчуць асабістую прыналежнасць да багатай народнай спадчыны, якая ідзе каранямі ў глыбіню стагоддзяў.

Добавить комментарий