Падарожжа па кніжным Сусвеце

У бібліятэках раёна праходзяць мерапрыемствы ў рамках Тыдню дзіцячай кнігі.

На яго ўрачыстае адкрыццё Пружанская раённая дзіцячая бібліятэка імя А.Лось запрасіла вучняў 2-х і 4-х класаў гімназіі. Хлопчыкі і дзяўчынкі паўдзельнічалі ў гульнявой праграме «Падарожжа па кніжным Сусвеце». Дзеці даведаліся аб гісторыі з’яўлення Тыдню і разам з казачнымі героямі здзейснілі захапляльны літаратурны ваяж.

Святам «Кніжкін дом і ты ў ім» пачаўся Тыдзень дзіцячай кнігі ў Шарашоўскай гарпасялковай бібліятэцы. Бібліятэкары правялі для рабят экскурсію, пазнаёмілі з новымі кніжнымі выставамі, расказалі аб сваёй прафесіі. Дзеці пагулялі, сустрэліся з літаратурнымі героямі і ўзялі кнігі для самастойнага чытання.

Магілявецкая сельская бібліятэка правяла для першакласнікаў экскурсію «Знаёмства з бібліятэкай». Рабяты ўбачылі працу ўстановы, пачулі аб правілах паводзін у ёй. Яны пагулялі, паглядзелі мультфільм, а потым запісаліся ў бібліятэку і ўзялі кнігі дамоў.

Своеасаблівае падарожжа па Ружанскай гарпасялковай бібліятэцы здзейснілі хлопчыкі і дзяўчынкі, якія наведваюць прышкольны лагер. Юным чытачам быў прапанаваны квэст, падчас якога яны ў гульянвой форме даведаліся аб працы, структуры і накірунках дзейнасці бібліятэкі.

Да юбілею літаратара і перакладчыка І.Такмаковай Пружанская гарадская бібліятэка правяла для дзяцей сярэдняга школьнага ўзросту літаратурную гадзіну «Краіна цудаў», а дзевяцікласнікі сярэдняй школы № 3 завіталі ў бібліятэку, каб паспаборнічаць у гістарычнай гульні «Вандроўка па Брэсцкай вобласці».

Вучні 10-га класа наведалі Ліноўскую сельскую бібліятэку. Для іх прайшоў вусны часопіс «Мы разам супраць наркотыкаў», падчас якога ішла размова аб шкодзе і мерах прафілактыкі наркаманіі ў маладзёжным асяроддзі, адбылося знаёмства з тэматычнай кніжнай выставай.

Добавить комментарий