Новы чацвер – новы экспанат: паддужны званочак

Сённяшні чацвер прысвечаны яшчэ аднаму незвычайнаму прадмету з фондаў Ружанскага палацавага комплексу роду Сапегаў. Гэта частка конскай вупражы – металічны паддужны званочак ХІХ ст. Любы наведвальнік музея можа ўбачыць яго ў экспазіцыі, прысвечанай гісторыі мястэчка Ружаны.

У канцы XVIII – пачатку XX стст. такія званочкі выкарыстоўваліся ў конных тройкай паштова-кур’ерскай службы. Яны маглі падвешвацца пад дугой сярэдняга каня з тройкі. Дарэчы, месцам змяшчэння званочка магла быць не толькі дуга, але і шыя каня, пастромкі па баках на павозках ці санях. Таму званочак маглі называць не толькі “паддужным”, але і “дарожным”, “дужным”, “вупражным” ці “ямскім” (фурманскім).

Званочкі служылі ямшчыкам (фурманам) асаблівым сродкам абвесткі. Змяшчаць іх на звычайных павозках забаранялася. Трэба адзначыць, што фурманы выконвалі дзяржаўную службу. Яны мелі асобную форму і перавозілі каштоўныя бандэролі, царскія загады, грошы, дзяржаўныя паперы і інш. Ямшчыкі карысталіся прывілеямі пры руху, яны мелі так званую “падарожную”, дзякуючы якой змянялі коней на кожнай паштовай станцыі. Таму гук званочка – своеасаблівы абвест аб набліжэнні дзяржаўнай павозкі. Гэты гук ўтвараўся пры ўдары язычка аб бакі самога званочка. Нажаль, у ружанскім экспанаце язычок адсутнічае.

Элементам, які дапамог атрыбутаваць прадмет, стаў надпіс па яго ніжнім краі: «1847 ВЪК МА Евсевій БАРАНОВЪ». Такім чынам, вядома, што майстрам, які вырабіў званочак, з’яўляецца Яўсевій Баранаў – прадстаўнік адной з вядомых дынастый ліцейшчыкаў Разанскай губерні Расійскай імперыі. Ён працаваў у Касімаўскім звоналіцейным цэнтры ў 1834 – 1860 гадах.

Захаванасць ружанскага званочка даволі добрая, хоць і адсутнічае язычок. Па ніжім краі прадмета бачны пэўныя пашкоджанні тарцовага канта – гэта сляды трэння скураных рамянёў вупражы аб званочак, што сведчыць аб шматгадовым яго выкарыстанні па прызначэнні. Цяпер званочак – цікавы музейны прадмет.

Добавить комментарий