Ніколі не забудзем!

Такую назву носіць выстава, якая 3 красавіка пачала працу ў дзяржаўнай установе культуры «Ружанскі палацавы комплекс роду Сапегаў». Выстава прымеркавана да 80-годдзя вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

Экспазіцыя складаецца з некалькіх тэматычных блокаў, якія раскрываюць гісторыю Ружаншчыны ў перыяд з 1939 па 1960 гады.

Сярод экспанатаў – фотаздымкі ветэранаў, іх узнагароды, асбістыя рэчы ваеннаслужачых, архіўныя дакументы, карты і іншыя матэрыялы з фондаў музея і збораў мясцовых жыхароў і арганізацый. Асаблівае месца на выставе займае адлюстраванне подзвігаў Іаана Наўродскага і Ціхана Барана, трагедыі вёскі Байкі, падпольны і партызанскі рух.

Дадзеная выстава – гэта своеасаблівая даніна павагі продкам, ушанаванне памяці аб героях і ахвярах вайны.

Выстава «Ніколі не забудзем!» будзе працаваць у Ружанскім палацавым комплексе да канца мая 2024 года.

Добавить комментарий