Нашы ветэраны з абласнымі ўзнагародамі

Абласны тур Рэспубліканскага фестывалю народнай творчасці ветэранскіх калектываў «Не старэюць душой ветэраны» сабраў 16 лютага ў Бресце шмат таленавітых творчых і актыўных прадстаўнікоў працоўных калектываў і ветэранаў.  Арганізатарамі гэтага свята сталі Упраўленне культуры Брэсцкага аблвыканкама і Брэсцкі абласны грамадска-культурны цэнтр.

У фае грамадска-культурнага цэнтра прайшла выстава твораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, у якой удзельнічалі вышывальшчыца Людміла Яроцкая (Навасёлкаўскі сельскі Дом культуры) і майстар саломапляцення Раіса Баюра (Новазасімавіцкі сельскі Дом культуры). Яны былі адзначаны дыпломамі ўдзельнікаў.

Яшчэ адной часткай фестывалю стала конкурсная праграма вакальна-харавога, інструментальнага і тэатральнага мастацтва. У ёй свае патрыятычныя нумары прадставілі саліст Кляпацкага сельскага Дома культуры Генадзь Чэрнік, які журы ўзнагародзіла Дыпломам ІІ ступні, і народны хор ветэранаў вайны і працы «Чырвоны гваздзік» (кіраўнік Юлія Пропер) Пружанскага гарадскога Палаца культуры, які атрымаў Дыплом ІІІ ступені.

Лепшыя творчыя калектывы і салісты прымуць удзел у заключных мерапрыемствах ХVІІ Рэспубліканскага фестывалю творчасці ветэранаў «Не старэюць душой ветэраны» ў г.Мінск.

Віншуем! Жадаем нашым артыстам новых творчых перамог і здзяйсненняў!

Добавить комментарий