МастКрашChallenge: да 210-годдзя з дня нараджэння Юзафа Ігнацы Крашэўскага

Мы развіваемся, калі займаемся творчасцю, таму карысна ператвараць гэта у звычку. Канечне, складана захоўваць яе рэгулярнасць, калі навокал столькі важных спраў: праца, вучоба, сям’я, сябры… Калі ж атрымалася адшукаць няшмат часу для творчасці, можна доўга прасядзець перад чыстым аркушам, так і не прыдумаўшы нічога добрага.  У такой сітуацыі вам дапаможа МастКрашChallenge!

Што такое МастКрашChallenge акрамя дадатковай станоўчай матывацыі?

Усё вельмі проста: вы атрымліваеце тэматычнае мастацка-паэтычнае заданне і ствараеце ў адпаведнасці з ім мастацкі вобраз. Вашу творчасць ацэніць музей-сядзіба “Пружанскі палацык” 28 ліпеня 2022 года – у дзень нараджэння Юзафа Ігнацы Крашэўскага. Лепшыя паэтычныя і мастацкія спробы будуць адзначаны прызнаннем і падарункамі.

Нягледзячы на тое, што наш МастКрашChallenge можа паказацца складаным, яго асноўная ідэя – стаць творцам. Калі ў вас атрымаецца штосьці намаляваць або напісаць, то вы ўжо дасягнулі поспеху, нават, калі вашы творы не самыя дасканалыя і выбітныя! Пачніце ствараць зараз, не чакайце лепшага моманту! Прыемна ж быць часткай вялікага “марафону” і дзяліцца своёй творчасцю з цэлым светам, а з выкарыстаннем хэштэга #MastCrashChallenge2022 – і з усёй Інтэрнэт-супольнасцю.

Вядома, што наш сусветна вядомы зямляк Ю.І.Крашэўскі праявіў сябе ў розных напрамках творчасці, але сёння мы сканцэнтруем увагу на ім як мастаку і паэце. Прапануем вам перамаляваць адну з пяці работ Крашэўскага і (або) працягнуць яго паэтычны твор. Усё неабходнае для гэтага прадстаўлена ў экспазіцыі “З Доўгага – у свет” у музеі-сядзібе “Пружанскі палацык”. Выканаць гэта проста ці складана – справа за вамі! Галоўнае правіла – ствараць з задавальненнем! Вашы творчыя спробы застануцца ў музеі да заканчэння чэленджа.

Выклік кінуты – наперад!

P.S. Нагадваем, што чэлендж працягваецца да 28 ліпеня 2022 г. Усе працы павінны быць падпісаны (творчы псеўданім вітаецца), мабільны тэлефон для зваротнай сувязі ўказваць абавязкова.

Добавить комментарий