Гісторыю астарбайтэраў расказвае “палацык”

Музей-сядзіба “Пружанскі палацык” працягвае выставачныя праекты ў рамках Года гістарычнай памяці. Напярэдадні Дня Незалежнасці музей у чарговы раз звярнуўся да тэмы Вялікай Айчыннай вайны і прадставіў матэрыялы аб лёсе савецкіх грамадзян, якія былі вывезены на прымусовыя работы ў Германію і іншыя еўрапейскія краіны.

З пачатку ліпеня 2022 года ў “палацыку” пачала працу фотадакументальная выстава «Postscriptum», якая тэматычна ўзнаўляе асноўныя эпізоды гісторыі прымусовай працы савецкіх грамадзян у гады Другой сусветнай вайны, пачынаючы ад угону і транспарціроўкі “ўсходніх рабочых” да вызвалення і лёсаў рэпатрыянтаў.

Экспанаты – гэта копіі фотаздымкаў і дакументаў, лістоў і паштовак, фрагменты ўспамінаў – размешчаны на кардонных стэндах у выглядзе стылізаваных чалавечых фігур, сімвалізуючых унікальнасць чалавечага жыцця, якое фашысцкі рэжым гвалтоўна выкарыстоўваў для абслугоўвання ўласнага існавання.

Выстава «Postscriptum» складаецца з тэматычных блокаў. Некалькі стэндаў прысвечаны пачатковаму перыяду вайны і ўгону насельніцтва. На іх можна даведацца аб агітацыйнай дзейнасці акупантаў, вывазе дзяцей і дарослых, “рабскіх кірмашах”, дзе размяркоўвалі астарбайтэраў і інш. Шэраг стэндаў-фігур адлюстроўвае цяжкае жыццё вывезеных людзей, якія апынуліся ў працоўных лагерах, працавалі ў сельскай гаспадарцы і прамысловасці, прыватных гаспадарках, падвяргаліся здзекам, прадпрымалі спробы ўцёкаў. Не засталіся па-за увагай і такія з’явы як сяброўства, каханне, кантакты з роднымі і інш. Пэўныя матэрыялы распавядаюць аб вызваленні Чырвонай Арміяй ці саюзнымі войскамі, вяртанні на Радзіму і далейшым лёсе ахвяр фашысцкага рэжыму.

Фотадакументальная матэрыялы, прадстаўленыя на выставе ў музеі-сядзібе “Пружанскі палацык”, падрабязна расказваюць гісторыю астарбайтэраў падчас Вялікай Айчыннай вайны і дазваляюць скласці праўдзівае ўяўленне аб гэтым этапе нашага мінулага.

Выставачны праект «Postscriptum» будзе працаваць у Пружанах на працягу лета.

Добавить комментарий