Формула здароўя раскрыта

26 лютага ў танцавальнай зале Пружанскага гарадскога Палаца культуры адбыўся інфармацыйны марафон «Формула здароўя», які для вучняў 9 – 11 класаў гарадскіх школ падрыхтавалі ўдзельнікі ўзорнага клуба «Teens-фармат». На мерапрыемства была запрошана інструктар-валеолаг Пружанскага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Кацярына Каляда, якая расказала падлеткам аб неабходнасці захоўваць здароўе, а потым выступіла ў якасці члена журы разам з кіраўніком клуба Анастасіяй Ціхановіч і ўдзельніцай аб’яднання Дар’яй Аляксейчык.

Наступным этапам мерапрыемства стала спаборніцтва паміж інтэлектуальнымі камандамі «Бліц-крыг» і «Блакітная лагуна», якія разгадвалі рэбусы, крыжаванкі і анаграмы, шукалі зашыфраваныя словы і прыказкі, падбіралі выказванні аб здаровым ладзе жыцця і інш. У выніку сур’ёзнай барацьбы перамога была прысуджана камандзе «Бліц-крыг».

Вядучымі марафону выступілі Кацярына Зубко (сярэдняя школа № 5) і Анастасія Фокіна (гімназія). Дапамогу ў яго правядзенні таксама аказалі вучні Пружанскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічага каледжа Ганна Зімнева і Іван Мележ.

Усе ўдзельнікі мерапрыемства атрымалі салодкія, але карысныя падарункі, календары і буклеты аб здаровым ладзе жыцця.

Інфармацыйны марафон «Формула здароўя» прайшоў у рамках праекта «Пружаны – здаровы горад».

Добавить комментарий