Экспанат да Дня касманаўтыкі

63 гады таму назад 12 красавіка 1961 года адбылася падзея сусветнага маштаба – першы чалавек, грамадзянін Савецкага Саюза, Юрый Гагарын паляцеў у космас.

Напярэдадні Дня касманаўтыкі фонды музея-сядзібы «Пружанскі палацык» папоўніліся цікавым і рэдкім экспанатам – газетай «Камсамольская праўда» ад 13 красавіка 1961 года.

«Таварыш, запомні гэты дзень!» – звярталася газета да свайго чытача. Перыядычнае выданне было цалкам прысвечана палёту касмічнага карабля «Усход». «Чалавек у космасе! Капітан першага зоркалёта – наш, савецкі! Вялікая перамога розуму і працы. Свет апладзіруе Юрыю Гагарыну» – такімі словамі адкрываўся нумар. На першай паласе быў змешчаны  партрэт касманаўта, зварот Цэнтральнага камітэта КПСС, Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР і Урада Савецкага Саюза да ўсяго прагрэсіўнага чалавецтва. Матэрыялы «Камсамольскай праўды» перадаюць унутраную храналогію падзеі, а таксама астранамічныя падрабязнасці, тэхнічныя характарыстыкі і ўтрымліваюць інтэрв’ю з сям’ёй Гагарына.

Добавить комментарий