Дзеля міру на зямлі

Напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь у Пружанскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя М.Засіма прайшла пазнавальная гадзіна “У імя міру”. У мерапрыемстве прынялі ўдзел вучні аграрна-тэхнічнага каледжа. Яны даведаліся пра гісторыю стварэння мастацкіх фільмаў аб вайне славутага беларускага  рэжысёра Міхаіла Пташука – “Час выбраў нас”, “Вазьму твой боль”, “Знак бяды”, “У жніўні 44-га”, а таксама паглядзелі ўрыўкі з іх.

Ліноўская сельская бібліятэка правяла да святочнага дня гульнявую праграму “Аты-баты, ішлі салдаты”. У ёй удзельнічалі каманды юнакоў. Хлопцы адказвалі на пытанні па гісторыі і ваеннай справе, пазнавалі песні ваенных часоў, праявілі спрыт і кемлівасць. Падчас мерапрыемства былі паказаны фрагменты з кінафільмаў “В небе ночные ведьмы” і “В бой идут одни старики”. Завяршылася сустрэча знаёмствам з кніжнай выставай “Армія – гэта сур’ёзна”.

А Ружанская гарпасялковая бібліятэка прымеркавала да гэтай даты і дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў урок патрыятызму “Дзесяцігадовая вайна. А мы толькі на ёй салдаты”. На занятку прысутнічалі вучні дзесятага класа сярэдняй школы. Разам з бібліятэкарам старшакласнікі ўспомнілі аб падзеях 1979 – 1989 гг., паслухалі песні тых часоў, успаміны відавочцаў падзей, якія жывуць на тэрыторыі Ружанскага сельсавета, паразважалі аб захаванні памяці. На абанеменце бібліятэкі можна было пазнаёміцца з выставай “Афганістан: Яшчэ раз пра вайну”.

Добавить комментарий