Дранікі – таксама каштоўнасць!

Ці ведаеце вы, што першыя звесткі пра бульбу на беларускіх землях сустракаюцца ў дакументах 1736 года, якія выяўлены на Гродзеншчыне, а першы рэцэпт дранікаў згадваецца пад 1830 годам?

Ужо ў другой палове ХІХ стагоддзя пачалі складвацца і фарміравацца кулінарныя спосабы і прыёмы гатавання бульбяных страў. У першай трэці мінулага стагоддзя з-за шырокага распаўсюджання металічных кухонных прыстасаванняў, найперш, таркі, у побыт беларусаў трывала ўвайшлі стравы з сырой таркаванай бульбы, якая з рознымі дадаткамі (сала, цыбуля, крупы і інш.) гатавалася ў печы ў чыгунках або закладвалася ў свіныя кішкі для запякання на патэльні.

Бульбяныя бліны пякліся ў выглядзе невялікіх аладак, што атрымалі розныя мясцовыя назвы, сярод якіх найбольш распаўсюджанымі аказаліся “дранікі”, таму што дакладна адлюстроўвалі працэс нарыхтоўкі бульбы, якую трэба было “драць” (церці) на тарцы.

Сёння дранікі замацаваліся ў беларускай кухні як адна з найбольш папулярных традыцыйных страў, сталі яе своеасаблівым сімвалам.

У 2022 годзе было зафіксавана 235 народных рэцэптаў разнастайных страў з таркаванай бульбы ў 66 раёнах Беларусі.

Спецыялістамі, якія працуюць на ніве аховы гісторыка-культурнай спадчыны, была праведзена грунтоўная работа па зборы і апрацоўцы дадзеных, вынікам якой стала Пастанова Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ад 16 мая 2022 г. № 28 аб наданні статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці элементу “Стравы з таркаванай бульбы – дранікі, бульбяныя бліны, бабка і іншыя – традыцыі ўжывання і прыгатавання” на тэрыторыі Брэсцкай (у тым ліку Пружанскага раёна), Віцебскай, Гродзенскай, Гомельскай, Магілёўскай і Мінскай абласцей.

Што гэта азначае? На пастаяннай аснове будуць ажыццяўляцца меры па захаванні, распаўсюджанні і папулярызацыі дадзенага нематэрыяльнага праяўлення творчасці чалавека, праводзіцца фестывалі і святы, звязаныя з бульбянымі стравамі, і, канечне, будзе працягвацца вывучэнне традыцыі ў арэалах бытавання гэтай нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці.

А які рэцэпт прыгатавання дранікаў ёсць у вас?

Добавить комментарий