Менавіта такую назву насіў вечар-ушанаванне, які быў падрыхтаваны Ліноўскай сельскай бібліятэкай.
20 лютага 2022 года ў зале Ліноўскага сельскага Дома культуры было шмат гасцей, якія сабраліся на мерапрыемства, прысвечанае Дню абаронцаў Айчыны, – жыхары сельсавета, бацькі маладых вайскоўцаў, вучні мясцовай школы і інш.
На вечеры прагучаў аповед аб гісторыі свята, знакавых старонках мінулага – Вялікай Айчыннай вайне, падзеях у Афганістане. А таксама аб земляках, якія сёння праходзяць тэрміновую службу ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь. Пры падрыхтоўцы мерапрыемства бібліятэкары звярнуліся ў часці, дзе служаць мясцовыя хлопцы. Камандзіры не аставілі па-за ўвагай такую ініцыятыву і накіравалі на радзіму службовыя характарыстыкі маладых вайскоўцаў, у якіх адзначылі іх годныя якасці. Да таго ж бацькам ваеннаслужачых Уладзіміра Тронца і Антона Шанюка былі ўручаны падзякі ад камандавання воінскіх часцей за выхаванне сыноў.
На вечары-ўшанаванні выступілі старшыня Ліноўскага сельсавета Таццяна Мардань, якая павіншавала ўсіх са святам і пажадала цяперашнім і будучым салдатам годна служыць Айчыне. Настаяцель аранчыцкага храма Уздзвіжання Крыжа Гасподняга Аляксандр Мялешка, які звярнуў увагу на паважлівае стаўленне праваслаўнай царквы да воінскай службы. Начальнік групы прызыву Пружанскага раённага ваеннага камісарыята Андрэй Якімовіч расказаў аб асаблівасцях службы ва Узброеных Сілах, а намеснік начальніка Брэсцкай Чырвонасцяжнай пагранічнай групы імя Ф.Э.Дзяржынскага Андрэй Кавалевіч – аб дзейнасці пагранічнікаў.
На мерапрыемстве прагучалі нумары ў выкананні творчых калектываў Ліноўскага сельскага Дома культуры і Ліноўскай дзіцячай школы мастацтваў. Сапраўдным падарункам для ўсіх прысутных стаў канцэрт узорна-паказальнага аркестра Брэсцкай Чырвонасцяжнай пагранічнай групы імя Ф.Э.Дзяржынскага.
Да свята былі таксама падрыхтаваны выставы армейскіх фотальбомаў “Мой бацька таксама ў арміі служыў” і кніг “Сапраўдным мужчынам прысвячаецца”, з якімі маглі пазнаёміцца ўсе наведвальнікі мерапрыемства.