Да 210-годдзя з дня нараджэння Юзафа Ігнацы Крашэўскага

28 ліпеня 2022 года спаўняецца 210 год з дня нараджэння Юзафа Ігнацы Крашэўскага, лёс якога цесна звязаны з вёскай Доўгае на Пружаншчыне. З гэтай нагоды брэсцкія мастакі Сяргей Казак і Ігар Раманчук падаравалі музею-сядзібе “Пружанскі палацык” два партрэты Крашэўскага. Жывапісныя палотны папоўнілі музейную калекцыю, прысвечаную знакамітаму земляку, якая на сённяшні дзень налічвае 226 экспанатаў – кнігі, дакументы, творы мастацтва і інш.

Юзаф Ігнацы быў неверагодна пладавітым польскамоўным пісьменнікам. За сваё жыццё ён напісаў больш за 220 раманаў, каля 150 апавяданняў, навэл і замалёвак. І гэта далёка не ўся яго літаратурная спадчына. З-пад пяра Крашэўскага выйшлі драматургічныя творы, кнігі з нататкамі пра падарожжы, успаміны, публіцыстыка, больш за 20 навуковых прац па гісторыі Польшчы і Літвы, літаратуры і культуры, мовазнаўстве і этнаграфіі, а таксама зборнікі паэзіі, пераклады твораў замежных аўтараў (з англійскай, французскай, лацінскай, нямецкай, італьянскай моваў) – усяго больш за 600 тамоў. Да таго ж Крашэўскі быў мастаком, кампазітарам, калекцыянерам, археолагам, грамадскім дзеячам.

Кожны, хто хоча пазнаёміцца з творчасцю нашага вядомага земляка Юзафа Ігнацы Крашэўскага, можа наведаць выставу “З Доўгага – у свет”, якая працуе ў музеі-сядзібе “Пружанскі палацык”.

Добавить комментарий