Букет з нот у падарунак

Пад такой назвай у Новазасімавіцкай дзіцячай школе мастацтваў адбыўся святочны канцэрт для матуль, бабуль і настаўнікаў.

З віншавальным словам да прысутных звярнулася дырэктар установы адукацыі Марына Кузьміч.

Праграму распачаў хор малодшых класаў «Канфеці» пад кіраўніцтвам Аксаны Казлоўскай з песняй «Мама».

Вядучыя свята Александра Базыльян і Вольга Пухнарэвіч павіншавалі ўсіх з першым вясновым святам. Яны загадвалі загадкі, чыталі вершы, запрашалі да ўдзелу ў вясёлых жартоўных гульнях.

У канцэрце з солнымі нумарамі выступілі: Ганна Ляўчук, якая выканала песню «Мама-папа», Юлія Шукалюк, якая прэзентавала твор «Мама-мамачка» і Аліна Подус, якая выступіла з песняй «Непобедимы». Уразілі сваімі музычнымі падарункамі вакальныя дуэты, у складзе якіх спявалі Андрэй Лысенка і Марыя Кабрынец. Выдатнымі выступленнямі парадавалі: фартэпіянны дуэт Таццяны Яўстраценкі і Александры Базыльян, дуэт Вікторыі Кот і Мікіты Міркоўскага. Добры настрой падаравалі: скрыпачы – Марыя Мацэвіч, Ксенія Клім, Вікторыя Калюта; дамрысткі – Соф’я Завіжэнец і Лізавета Нячаева, цымбалісткі – Вольга Барадзіна і Вікторыя Ляснік, баяністы –  Максім Канановіч і Раман Подус. Усе артысты былі ўзнагароджаны шчырымі апладысментамі і ўсмешкамі гледачоў.

Удзельнікі канцэрта атрымалі мноства ўдзячных слоў. У зале панавала атмасфера сапраўднага вясенняга свята, добрага настрою і цеплыні.

Добавить комментарий