Брэстчына этнаграфічная: Пружанска-Камянецкі край

Такую назву мае выставачны праект, які стартаваў 24 лютага ў філіяле “Мастацкі музей” установы культуры “Брэсцкі абласны краязнаўчы музей”. У ім прадстаўлены экспанаты з фондаў музея – узоры Камянецка-Ваўкавыскага строя адзення, які бытаваў з шэрагам мясцовых асаблівасцяў у нашым раёне, прыклады народнага мастацкага ткацтва і вышыўкі, а таксама іншых дэкаратыўна-прыкладных твораў.

Ва ўрачыстым адкрыцці выставы прынялі ўдзел майстры народнай творчасці і калектывы Пружаншчыны.

Так, свае саламяныя шэдэўры, якія сведчаць аб асаблівых мастацкіх традыцыях беларускага саломапляцення, нядаўна аднесенага да нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва, прадставілі Раіса Баюра і Святлана Тагіева.

Наведвальні музея пазнаёміліся з работамі Віталя Раманоўскага і Генадзя Міранюка, якія, абапіраючыся на лепшыя прыклады старажытнай пружанскай чорназадымленай керамікі, працягваюць адраджэнне мясцовага ганчарства.

Асаблівае месца на прэзентацыі занялі творы Народнага майстра Беларусі Марыі Кулецкай, якая стаяла ля вытокаў аднаўлення “роспісу па шклу” – асаблівага віду дэкаратыўнага мастацтва. Таксама майстар прадставіла свае саламяныя вырабы і вышыўку. Традыцыі, закладзеныя М.Кулецкай, працягваюць жыццё. У Пружанскім гарадскім Палацы культуры працуе народная студыя дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Шклінка-маляванка”, якую сёння ўзначальвае Вера Волчык. Работы маленькіх мастакоў-студыйцаў таксама былі прапанаваны гледачам.

Наведвальнікі музея змаглі ўбачыць драўляныя кампазіцыі нашага земляка Народнага майстра Беларусі Міколы Тарасюка (1932 – 2015) з в.Стойлы.

Сапраўдным упрыгажэннем брэсцкага мерапрыемства стала выступленне творчых калектываў Пружаншчыны. Так, народны фальклорны гурт “Бабіна лета” (кіраўнік Кацярына Ідрысава) Ліноўскага сельскага Дома культуры выканаў мясцовыя абрадавыя песні. Калядзіцкі сельскі Дом культуры (загадчык Алена Сівачэнка) прадставіў тэатралізаваную замалёўку “Калаўрот жыцця”, а таксама старадаўнія прыклады сялянскага адзення, сабраныя клубнымі работнікамі раёна ў вёсках  Смаляніца, Сілічы, Мурава, Чапялі, Варотнае, Юхнавічы і Кацёлкі.

Паглядзець рэпартажы з адкрыцця выставы “Брэстчына этнаграфічная: Пружанска-Камянецкі край” можна тут  і тут.

Добавить комментарий