Бібліяпрыцемкі па-беларуску: пазнавальна, весела, душэўна

Нішто не збліжае людзей так, як мастацтва. Гэты вядомы выраз работнікі Пружанскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Міколы Засіма ўзялі за дэвіз пры правядзенні ўжо традыцыйных бібліяпрыцемкаў, якія адбыліся 23 верасня. У гэтым годзе яны мелі назву “Мой родны кут” і сталі своеасаблівым завяршэннем Тыдня роднай мовы.

Распачалася сустрэча з яе Вялікасці Паэзіі. Аматары мастацкай літаратуры пазнаёміліся з выставай твораў паэтаў-землякоў Міколы Засіма, Міколы Купрэева і Міколы Антаноўскага, прачыталі іх вершы.

Далей можна было палюбавацца вышытымі карцінамі пружанкі Ірыны Пасевіч, вязанымі сурвэткамі і вышыўкамі іншых майстрых. А таксама дакрануцца да сапраўданай гісторыі на выставе вядомага і аднаго са старэйшых беларускіх часопісаў “Алеся”, на якой былі прадстаўлены нумары выдання за розныя гады.

На этнаграфічнай пляцоўцы “Спрытныя, кемлівыя, хуткія”, якую падрыхтавалі вучні Ліноўскай сярэдняй школы разам з настаўніцай Л.Бяскроўнай, любы жадаючы, але, найперш, дзеці і падлеткі, з задавальненнем паўдзельнічалі ў беларускіх народных гульнях.

Не абыйшлося і без творчай майстэрні: рабяты ўласнаручна стварылі арганайзеры, а падчас гэтага занятку яшчэ і адказалі на пытанні па беларускай мове і літаратуры, а таксама пашырылі свае веды аб побыце сялян і шляхты перыяду Вялікага княства Літоўскага.

Завяршальным і яркім акордам свята ведаў і мастацтва стала сапраўднае музычнае шоу – гасцёўня “Песні, праспяваныя сэрцам”. У ім прынялі ўдзел бібліятэкары Пружанскага раёна, а таксама госці і калегі з Бярозаўшчыны і гурт “Фантазія” з г.Кобрын.

Прыходзьце ў бібліятэку, там вы сустрэнеце цікавых, творчых і разумных людзей, далучыцеся да сапраўднай прыгажосці і мудрасці пакаленняў!

Добавить комментарий