20 – 21 сакавіка на базе Пружанскага раёна прайшоў рэспубліканскі семінар-практыкум «Захаванне гістарычнай памяці і культурнай спадчыны праз пераемнасць пакаленняў». Ён стаў пачаткам серыі мерапрыемстваў Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур, скіраваных на знаёмства і абмен вопытам спецыялістаў у сферы культуры.
Падчас двухдзённага семінару калегі з розных абласцей Беларусі пазнаёміліся з багатай культурнай спадчынай Пружаншчыны. Для іх былі праведзены азнаямляльныя экскурсіі па горадзе і раёне. У Палацы культуры госці ўбачылі работу ўзорнай студыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Шклінка-маляванка» і гульнявога пакою «Тэрыторыя твайго дзяцінства». Сваю творчасць ўдзельнікам семінару прадставілі народныя майстры Рэспублікі Беларусь – Марыя Кулецкая (роспіс на шкле) і Людміла Яроцкая (вышыўка, ткацтва). У фае таксама працавала выстава цэнтральнай раённай бібліятэкі імя М.Засіма, прысвечаная 80-годдзю Вялікай Перамогі, выступіў народны ансамбль народных інструментаў «Пружанскі палацык» дзіцячай школы мастацтваў імя Р.Р.Шырмы. Вялікую цікавасць у прыстуных выклікала дзейнасць ганчарнай майстэрні. Незабыўныя ўражанні аставіла наведванне музея-сядзібы «Пружанскі палацык» і Ружанскага палацавага комплексу роду Сапег.
Завяршыўся рэспубліканскі семінар-практыкум «круглым сталом», падчас якога былі абмеркаваны актуальныя пытанні.