У апошнія дні мая выпускныя вечары прайшлі ў многіх установах адукацыі. Далучаліся да гэтых знакавых падзей і работнікі культуры.
Так, у дзіцячым пакоі “Тэрыторыя твайго дзяцінства” Пружанскага гарадскога Палаца культуры прайшоў шэраг такіх мерапрыемстваў для выпускнікоў пачатковых класаў і дзіцячых садоў.
Для будучых школьнікаў была прадстаўлена гульнявая праграма «Залаты ключык». Разам з Мальвінай і Бурацінам, ролю якіх выканалі культарганізатары Наталля Ярмоленка і Дзіяна Крэтава, рабяты лічылі на матэматыцы, паказвалі спартыўныя навыкі на ўроку фізкультуры, складалі з літар словы. І, канечне, бегалі і скакалі на перапынку. А ў канцы вясёлай сустрэчы былыя выхаванцы дзіцячых садоў далі ўрачыстую клятву школьнікаў.
Для выпускнікоў пачатковых класаў прайшла гульня, падчас якой дружныя вучнёўскія калектывы падарожнічалі па станцыях-конкурсах і разам пераадольвалі перашкоды. Аніматары далучылі рабят да вялікага танцавальнага флэшмобу пад сучасную музыку і трэнды з Tik-Tok.
У правядзенні выпускных вечарын удзельнічалі і іншыя ўстановы культуры.
Так, работнікі Шарашоўскага цэнтра культуры і вольнага часу правялі выпускныя святы для вучняў 4 класа мясцовай сярэдняй школы і дзіцячага саду.
Мерапрыемства “Да пабачэння, дзіцячы сад!” арганізаваў Мокраўскі сельскі Дом культуры.