Нядаўна народны фальклорны гурт «Бабіна лета» Ліноўскага сельскага Дома культуры адзначыў знакавую дату – 35 год з дня стварэння.
Да гэтай падзеі аматарскае аб’яднанне, якое з’яўляецца носьбітам унікальнай народнай спадчыны, падрыхтавала цікавую праграму – тэатралізаваныя вячоркі.
Гледачы, якія завіталі на душэўную творчую сустрэчу ў Ліноўскі сельскі Дом культуры, змаглі далучыцца да аўтэнтычных беларускіх традыцый, апынуцца ў атмасферы сапраўдных вясковых вячорак. У праграме было шмат мясцовых народных песень, прыпевак, музыкі, жартаў, абрадавых дзеянняў. Асаблівы каларыт мерапрыемству надала сакавітая аранчыцка-ліноўская гаворка, носьбітамі якой з’яўляюцца ўдзельніцы аматарскага аб’яднання.
З юбілеем творчы калектыў, вядомы далёка за межамі Пружанскага раёна, прыйшлі павіншаваць шматлікія гледачы, былыя ўдзельнікі, калегі. Шмат добры слоў і віншаванняў прагучала ад К.І.Панімаша, які уручыў творчаму калектыву «Бабіна лета» на чале з К.І.Ідрысавай падзячны ліст аддзела культуры райвыканкама, работнікаў аўтаклуба і Ліноўскага сельскага Дома культуры, аматараў творчасці гурту.
Віншуем, шаноўныя калегі! Жадаем поспехаў, творчага даўгалецця і натхнення і, канечне, чакаем новых выступленняў!