21 мая Ружанскі палацавы комплекс роду Сапегаў далучыўся да міжнароднай акцыі “Ноч музеяў” і правёў вечарыну “Леў Сапега. З любоўю да Радзімы!”, прысвечаную 465-годдзю з дня нараджэння знакамітага дзеяча.
Сёлета музей расчыніў свае дзверы для наведвальнікаў і прапанаваў не толькі пазнаёміцца з экспазіцыяй, але і ўбачыць шмат цікавага, падрыхтаванага спецыяльна да гэтага мерапрыемства.
Самыя ўважлівыя наведвальнікі змаглі знайсці выявы святога Казіміра ў экспазіцыі, такім чынам прыняўшы ўдзел у квэсце.
Той, хто хацеў навучыцца чамусьці новаму, наведаў майстар-класы, падчас якіх уласнаручна зрабіў сабе сувенір на памяць.
Таксама госці маглі ператварыцца ў шляхетных асоб, прымерыць ролю адважнага рыцара і сфатаграфавацца з самым князем Сапегам, зрабіць добрыя і незвычайныя здымкі.
Толькі ў музейную ноч дзейнічала міні-выстава “Тры экспанаты” з прадметамі, якія ніколі раней не прадстаўляліся ў экспазіцыі і on-line-праектах, – сальніца-перачніца з целяханскага шклозавода, паўгрош (1564 г.) і гравюра з выявай герба роду Сапегаў (1816 г.).
Госці свята таксама маглі пачаставацца з рук князёўны чаем ці кавай з салодкасцямі і падчас такога адпачынку глядзець кароткія фільмы, прысвечаныя Льву Сапегу і Вялікаму княству Літоўскаму.
У рамках мерапрыемства таксама былі падведены вынікі конкурсу творчых работ “Леў Сапега і яго спадчына” і прайшло ўрачыстае ўзнагароджанне пераможцаў, а таксама канцэрт дзіцячай творчасці.
Завяршэннем музейнага свята ў Ружанах стала музычная праграма ад фолк-гурту “Арацэя”, які вельмі спадабаўся гасцям “Ночы музеяў”. Артысты выканалі народныя песні ў новых аўтарскіх апрацоўках і сучасныя кампазіцыі на беларускіх народных інструментах.
Любіце Радзіму, ведайце і вывучайце гісторыю роднага краю!