Яроцкая Людміла Міхайлаўна – майстар па ткацтву і вышыўцы.
Нарадзілася ў 1961 г. у в.Смаяляніца Пружанскага раёна.
Тчэ ручнікі, посцілкі, палавікі, паясы. Гэтаму рамяству Людмілу Міхайлаўну навучыла маці. Свой ткацкі станок яна перанясла ў Навасёлкаўскі сельскі Дом культуры, дзе працуе кіраўніком студыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
У майстрыхі шмат захапленняў: вышыўка, дэкупаж, канзашы, шыццё, вязанне. Радуюць вока вышытыя гладдзю і крыжыкам ручнікі, посцілкі, карціны, сурвэткі, настольніцы. А яшчэ яна добрая швачка, займаецца рэстаўрацыяй і аднаўленнем народнага касцюма. Людміла Яроцкая цудоўна гатуе стравы нацыянальнай кухні, выпякае духмяныя караваі на вяселлі. Свае веды і майстэрства перадае падрастаючаму пакаленню.
Л.М.Яроцкая зберагае народныя абрады і традыцыі, ведае шмат мясцовых песень. Яна з’яўляецца ўдзельніцай народнага аматарскага аб’яднання “Смаляначка” Навасёлкаўскага сельскага Дома культуры.
Людміла Міхайлаўна Яроцкая – удзельніца шматлікіх раённых, абласных і рэспубліканскіх выстаў. Яна неаднаразова ўзнагароджвалася Ганаровымі граматамі і Дыпломамі. У 2022 г. майстар занесена на Дошку гонару Пружанскага раёна.
Згодна рашэнню экспертнай камісіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Людміле Міхайлаўне Яроцкай 11 снежня 2024 г. прысвоена званне «Народны майстар Рэспублікі Беларусь» (ткацтва, вышыўка).