Яны даравалі жыццё ў баі…

Напярэдадні 9 мая ў Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі адкрылася выстава «Яны даравалі жыццё ў баі…», прымеркаваная да 80-годдзя Вялікай Перамогі і прысвечаная мужнасці і самаадданасці медыцынскіх работнікаў, якія ў гады Вялікай Айчыннай вайны ратавалі жыцці людзей.

Для рэалізацыі выставачнага праекта свае экспанаты прадаставілі мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой», рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Белфармацыя» і Брэсцкае рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Фармацыя», дзяржаўны архіў Брэсцкай вобласці, музей-сядзіба «Пружанскі палацык», вучоныя і краязнаўцы.

На выставе можна ўбачыць арыгінальныя матэрыялы, якія характарызуюць стан медыцыны і аптэкарскай справы ў рэгіёне ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Экспазіцыя распавядае аб подзвігу медыцынскіх работнікаў Брэсцкага ваеннага шпіталю ў крэпасці ў пачатковы перыяд вайны, гераізме у партызанскіх атрадах, умовах, у якіх працавалі медыкі ва ўмовах гітлераўскай акупацыі.

Асобная частка выставы прысвечана асобам, якія ўнеслі ўклад у перамогу над ворагам. Сярод іх – пружанскі хірург Уладзімір Ігнатавіч Каробка (1912 – 1977), які працаваў у гарадской бальніцы і дапамагаў мясцовым жыхарам і партызанам. Вядома, што ён нарадзіўся ў в.Вялікія Якавічы, вучыўся ў Пружанскай гімназіі імя А.Міцкевіча, служыў у польскай арміі, вучыўся ў Віленскім і Львоўскім універсітэтах. У чэрвені 1941 г. ён атрымаў дыплом урача-хірурга. Вярнуўшыся ў пачатку вайны ў Пружаны ён уладкаваўся ў гарадскую бальніцу, у якой хутка быў прызначаны галоўным урачом. Доктар лячыў мясцовых жыхароў і немцаў, а таксама, рызыкуючы, партызан, якія пад чужымі імёнамі змяшчаліся ў бальніцу, патаемна перадаваў у атрады лясных змагароў лекі. Пасля вызвалення Пружан 17 ліпеня 1944 г. У.І.Каробка працаваў у савецкіх шпіталях і ратаваў жыцці параненых. Нажаль, не разабраўшыся, надзвычайныя органы хутка арыштавалі Уладзіміра Ігнатавіча за супрацоўніцтва з акупацыйнымі ўладамі. Намаганнямі былых партызан пружанскаму ўрачу было вернута добрае імя, і ў красавіку 1946 г. ён быў вызвалены. Пасля гэтых падзей У.І.Каробка выехаў у Польшчу, дзе да апошняга дня жыцця працаваў у бальніцы г.Лешна.

Менавіта гэта частка экспазіцыі была створана Пружанскім палацыкам. Экспанаты для яе (рэчы, дзённікі, падручнікі, медыцынскія інструменты) былі перададзены роднымі былога пружанскага ўрача – сям’ёй Завіжэнец. Таксама былі выкарыстаны матэрыялы, сабраныя пружанскім краязнаўцам М.Р.Сахаруком, якія трапілі ў фонды музея ад родных даследчыка пасля его смерці.

Выстава «Яны даравалі жыццё ў баі…» у Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі будзе працаваць да 14 ліпеня 2024 года. Наведайце!

Падзяліцца навіной:

Добавить комментарий