Лазапляценне – адно з самых старажытных рамёстваў, якое захавалася да нашых дзён амаль у нязменным выглядзе з часу ўзнікнення. Аднак сёння з-за развіцця сучасных тэхналогій гэты занятак паступова страчвае сваю папулярнасць. Сярод невялікай колькасці майстроў, якія займаюцца лозапляценнем на Пружаншчыне, – Валерый Станіслававіч Хеншаль з Шарашова.

Па адукацыі ён прафесійны пчаляр і рыбавод. Шмат гадоў працаваў на пчальніку райаграсервісу і сёння таксама займаецца пчалярствам. У Валерыя Станіслававіча шмат іншых захапленняў: развядзенне галубоў, стварэнне таксідэрмічных скульптур, вырошчванне кветак і лекавых раслін, а таксама лозапляценне, якое ён пачынаў вывучаць па кнігах і часопісах.

Трэба адзначыць, што пляценне з лазы – гэта складаны занятак, які падуладны толькі людзям цярплівым і ўседлівым. Для гэтага неабходны вопыт, веданне сакрэтаў нарыхтоўкі і апрацоўкі лазы.

Першыя работы В.С.Хеншаля былі не надта ўдалымі. Цяпер жа – гэта сапраўдныя творы мастацтва – вельмі прыгожыя, аккуратныя, розных форм і адценняў кошыкі, абажуры, падстаўкі і кашпо для кветак, рамкі для люстэрак, вазы, посуд і інш.

Валерый Станіслававіч Хеншаль удзельнік многіх мерапрыемстваў у гарадскім пасёлку і выстаў у г.Пружаны і раёне.