Выхаванне сродкамі бібліятэк

Бібліятэкі шмат увагі ўдзяляюць розным накірункам выхавання падрастаючага пакалення.

Міжнароднаму дню роднай мовы прысвяціла гульню-конкурс «Таямніцы родных слоў» Ліноўская сельская бібліятэка. Для дзяцей былі падрыхтаваны розныя заданні, якія садзейнічалі выхаванню павагі да роднай культуры і гісторыі. Школьнікі прадэманстравалі веданне беларускіх прыказак і прымавак, загадак, твораў беларускіх аўтараў. Таксама яны пачулі цікавыя легенды пра кветкі, выказванні вядомых людзей аб беларускай мове. Завяршылася мерапрыемства знаёмствам з кніжнай выставай «Роднай мовы пералівы».

На экалагічным выхаванні засяродзіла ўвагу Ружанская гарпасялковая бібліятэка, у якой для семікласнікаў мясцовай сярэдняй школы прайшла пазнавальная гульня «Рознакаляровая зямля Беларусі». На мерапрыемстве ішла размова аб прыгажосці і багацці роднай зямлі, неабходнасці ўважлівых адносін да прыродакарыстання.

Такі ж накірунак асветніцтва абрала Пружанская раённая дзіцячая бібліятэка імя А.Лось, якая зладзіла для вучняў 4 «А» класа гімназіі завочнае экалагічнае падарожжа «Па сцяжынках Белавежскай пушчы». Рабяты пазнаёміліся з раслінным і жывёльным светам Нацыянальнага парку. Таксама бібліятэка на абмінула важную грамадска-палітычную падзею – Адзіны дзень галасавання, які адбудзецца 25 лютага. Маленькіх чытачоў і іх бацькоў з выбарчай кампаніяй у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і мясцовыя Саветы дэпутатаў знаёміць тэматычная паліца ў чытальнай зале дзіцячай бібліятэкі.

Пружанская цэнтральная раённая бібліятэка імя М.Засіма таксама звярнула ўвагу на паважлівыя адносіны да прыроды. Вучні 5 «В» класа сярэдняй школы № 1 наведалі фотавыставу «Камчатка. Апавяданне ў лісах».  А для вучняў аграрна-тэхнічнага каледжа цэнтральная раённая бібліятэка правяла патрыятычную гадзіну памяці «Круты лёс афіцэра», прысвечаную Герою Савецкага Саюза Д.М.Карбышаву.

Выхаванню адказнага жыцця ў соцыуме і высокіх духоўных якасцяў была прысвечана гадзіна маралі для школьнікаў «Вірус брыдкаслоўя» ў Мураўскай сельскай бібліятэцы.

Развіццю інтэлектуальных здольнасцяў садзейнічала гульня «Загадка – розуму зарадка». Яе для вучняў 5 – 6 класаў Велікасельскай базавай школы зладзіла мясцовая сельская бібліятэка.

Падзяліцца навіной:

Добавить комментарий