Высокі ўзровень пружанскіх калектываў

У мінулую суботу адбыліся творчыя справаздачы 11 калектываў устаноў культуры і адукацыі Пружанскага раёна, якія пацвярджалі свае высокія  найменні «народны, узорны аматарскі калектыў». Узровень іх дзейнасці і вынікі працы ацэньвала рэспубліканская атэстацыйная камісія, у склад якой уваходзілі вядучыя спецыялісты вобласці ў розных галінах мастацкай творчасці.

Найбольшую колькасць сярод намінантаў складалі аматарскія калектывы Пружанскага гарадскога Палаца культуры.

Вялікую і разнастайную канцэртную праграму прадставіў народны эстрадны аркестр «Біг-бэнд» (кір. Віктар Матчэня, дырыжор Сяргей Більшэвіч), які выканаў джазавыя і эстрадныя кампазіцыі.

Яркімі выступленнямі парадаваў гледачоў узорны ансамбль народнага танца «Круцёлачкі» (кір. Аксана Ільюшонак). Выдатнымі харэаграфічнымі пастаноўкамі вызначыўся не толькі асноўны склад калектыву, але і яго падрыхтоўчыя групы.

Высокі выканальніцкі ўзровень паказалі народны ансамбль народнага танца «Спадчына» (кір. Валянціна Іскаліева), народная арт-група «Родники» (кір. Алёна Лосева) і народны вакальны гурт «МакSімум» (кір. Аляксандр Котаў).

Цікавую выставу работ і прэзентацыю сваёй дзейнасці падрыхтавала ўзорная студыя дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Шклінка-маляванка» (кір. Вера Волчык).

Усе 6 аматарскіх калектываў Пружанскага гарадскога Палаца культуры ўразілі камісію і гледачоў запамінальнымі выступленнямі, творчымі рашэннямі і высокім ўзроўнем майстэрства.

У дзяржаўнай установе адукацыі «Дзіцячая школа мастацтваў імя Р.Р.Шырмы г.Пружаны» свае канцэртныя праграмы прадставіла 3 калектывы: народны аркестр народных инструментов (кір. Галіна Швед), узорны аркестр народных інструментаў «Скамарошына» (кір. Людміла Кавалевіч), народны ансамбль народных інструментаў «Пружанскі палацык» (кір. Жанна Трафімовіч). Кампетэнтную камісію ўразіла выканальніцкае майстэрства, выдатнае валоданне інструментамі і разнастайны рэпертуар творчых калектываў установы адукацыі ў сферы культуры.

Арыентацыяй на захаванне традыцыйных відаў мастацкай дзейнасці вызначылася выстава твораў народнай студыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Смаляначка» (кіраўнік Людміла Яроцкая), якая паспяхова працуе ў  Навасёлкаўскім сельскім Доме культуры.

Таксама сваю справаздачу прадставіла камісіі ўзорная студыя дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Папараць-кветка» (кір. Алена Шышко) дзяржаўнай установы дадатковай адукацыі «Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі г.Пружаны».

Рэспубліканская атэстацыйная камісія  дала высокую адзнаку творчым справаздачам аматарскіх калектываў і вырашыла пацвердзіць іх найменні.

Віншуем! Жадаем новых творчых знаходак і перамог!

Падзяліцца навіной:

Добавить комментарий