Выбіраем здароўе

Падчас вясенніх канікул працягваецца аздараўленчы праект “Хай заўсёды будзе заўтра”. Як і раней, клубныя ўстановы Пружаншчыны заахвочваюць дзяцей і моладзь да вядзення здаровага ладу жыцця.

Так, Калазубскі сельскі клуб-бібліятэка арганізаваў для падлеткаў сустрэчу з загадчыкам фельчарска-акушэрскага пункта Наталляй Крайняй, якая расказала аб уздзеянні шкодных звычак на арганізм чалавека і адказала на пытанні прысутных. Апасля адбылася тэматычная дыскатэка “Не шкодным звычкам!”.

Мураўскі сельскі Дом культуры прапанаваў мясцовым рабятам наведаць кіналекторый “Аб чым гавораць шкодныя звычкі?”, а потым пабавіць час на дыскатэцы.

Паказалі свае веды і атрымалі шмат новай карыснай інфармацыі падлеткі, якія паўдзельнічалі ў віктарыне “Здаровае харчаванне – гэта важна”, праведзенай Мокраўскім сельскім Домам культуры.

Свята здароўя “Спартыўныя казкі” прайшло ў Сухопальскім сельскім клубе-бібліятэцы. Хлопчыкі і дзяўчынкі пераапрануліся ў герояў казак “Рэпка”, “Курачка-раба”, “Пра пеўніка і лісу” і спаборнічалі ў разнастайных эстафетах, якія адпавядалі гэтым казкам.

На пляцоўцы каля Шарашоўскай сярэдняй школы работнікі Цэнтра культуры і вольнага часу правялі спартыўную праграму “Весела і па-сяброўску” для малодшых школьнікаў.

А ў Роўбіцкім сельскім Доме культуры старт канікулам быў дадзены спартыўна-забаўляльнай праграмай “Вясёлыя хвілінкі”, падчас якой дзеці паказалі спрыт, кемлівасць і хуткасць.

Падзяліцца навіной:

Добавить комментарий