У апошнія дні снежня падчас зімовых канікул Палац культуры прапанаваў хлопчыкам і дзяўчынкам цікава і карысна правясці вольны час.
У гульнявым пакоі «Тэрыторыя твайго дзяцінства» для выхаванцаў прышкольных лагераў прайшоў шэраг гульнявых праграм пад агульнай назвай «Навагодні карагод». Культарганізатары Кацярына Яфімава і Раіса Тарасюк разам з загадчыкам аддзела па рабоце з дзецьмі і моладдзю Арынай Ро прапанавалі рабятам цікавыя навагоднія актыўнасці. Хлопчыкі і дзяўчынкі адгадвалі загадкі пра зіму, даведаліся, што падабаецца Снягурцы і Дзеду Марозу, спаборнічалі ў спрыце і кемлівасці, вадзілі карагоды і спявалі песні. Святочны настрой панаваў ва ўсіх ўдзельнікай гэтых вясёлых мерапрыемстваў.
Для наведвальнікаў прышкольнага лагера сярэдняй школы № 5 выязны майстар-клас «Навагодні сувенір» зладзіла кіраўнік студыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Творчы мікс» Наталля Іванцова. Рабяты стварылі сваім рукамі ўпрыгажэнні на елку, а таксама пазнаёміліся з выставай «Зімовыя карункі», на якой былі прадстаўлены творчыя работы ўдзельнікаў студыі. Выстава працягнула сваю работу ў чытальнай зале Пружанскай гарадской бібліятэкі і яе можа наведацб любы жадаючы.