Працягваюцца школьныя канікулы. Каб летні адпачынак быў вясёлым, карысным і бяспечным, шмат намаганняў прыкладаюць работнікі клубных устаноў.
Калазубскі сельскі клуб-бібліятэка правёў для рабят гульнявую праграму “Азбука бяспекі”, падчас якой хлопчыкі і дзяўчынкі паўтарылі асновы медыцынскай дапамогі, пажарнай і асабістай бяспекі, правільнага харчавання, пазнаёміліся з тэматычнай выставай “Бяспека дзіцяці”. Таксама юныя наведвальнікі ўстановы паспаборнічалі ў віктарыне “Вясёлыя пытанні”. Падрабязней аб жыцці продкаў рабяты даведаліся падчас гульнявой праграмы “Куфэрак задумак”.
Добра правялі час дзеці, якія завіталі на гульнявую праграму “Вясёлы мурашнік” ў Новазасімавіцкі сельскі Дом культуры. Таксама ў клубнай ўстанове адбыўся майстар-клас па выцінанцы, які наведалі мясцовыя рабяты.
З мэтай выхавання беражлівых адносін да прыроды і бяспекі ў лесе ўдзельнікі гуртка “Вясёлыя ноткі” Шаняўскога сельскага клуба-бібліятэкі здейснілі займальны экалагічны паход “Лясныя насельнікі”.
А ў Роўбіцкім сельскім клубе-бібліятэцы прайшла конкурсная праграма “Вітаем, лета!”. Хлопчыкі і дзяўчынкі паўдзельнічалі ў рухавых гульнях на свежым паветры. Да таго ж клубная ўстанова запрасіла падлеткаў на прафілактычную гутарку “Заблукаўшыя ў сеціве”, прысвечаную бяспецы ў Інтэрнэце.