Па старадаўняй беларускай традыцыі пачаткам вясновага сельскагаспадарчага цыкла лічыцца свята “Гуканне вясны”, якое суправаджаецца шэрагам абрадавых дзеянняў.
Паўдзельнічаць у гэтым цікавым абрадзе запрасіў Ліноўскі сельскі Дом культуры.
У традыцыйным дзеянні “Гуканне вясны” прыняў удзел народны фальклорны гурт “Бабіна лета”. Разам з хлопчыкамі і дзяўчынкамі жанчыны спявалі мясцовыя абрадавыя песні, вадзілі карагоды, гулялі ў гульні, рабілі “птушачак” і выконвалі іншыя дзеі, якія павінны спрыяць хутчэйшаму надыходу вясны.
А вакальны гурт “Каханачка” адправіўся ў Музей народнага побыту і старадаўніх тэхналогій у Белавежскай пушчы. Разам з наведвальнікамі музея самадзейныя артысты спявалі песні, танцавалі, гулялі. З добрым настроем і пазітыўнымі эмоцыямі “Гукалі вясну” ў Белавежскай пушчы.