Вясновая «Мазгабойня»

22 красавіка ў танцавальнай зале Пружанскага гарадскога Палаца культуры адбыўся другі вясенні інтэлектуальны турнір «Мазгабойня», у якім прынялі ўдзел каманды ўсіх гарадскіх школ.

У гульні было 5 раундаў, падчас якіх юнакам і дзяўчатам было неабходна адказаць на пытанні з розных галін ведаў.

Журы ў складзе Наталіі Пракаповіч, галоўнага спецыяліста аддзела культуры, Вікторыі Шаманавай, дырэктара раённага фізкультурна-спартыўнага клуба «Мухавец», Марыі Ціханчук, удзельніцы ўзорнага клуба «Teens-фармат», падлічыла атрыманыя камандамі балы і вызначыла пераможцаў і прызёраў.

У выніку напружанай барацьбы пераможцам гульні стала каманда «Грэмліны» з сярэдняй школы № 3, на другім месцы апынулася «BrainШтрых» сярэдняй школы № 4, а на трэцім – «Нязнайкі» (сярэдняя школа № 1), якія атрымалі ўзнагароды і падарункі.

Турнір быў падрыхтаваны ўдзельнікамі ўзорнага клуба «Teens-фармат», а правяла яго кіраўнік аматарскага аб’яднання Анастасія Ціхановіч.

Перад прысутнымі з музычнымі нумарамі выступілі салісткі ўзорнай эстраднай студыі «Меладзін» Улляна Кунда і Ксенія Шчыпанава.

Падзяліцца навіной:

Добавить комментарий