“Восеньскія забавы” ў Новых Засімавічах

У Новазасімавіцкай дзяцячай школе мастацтваў напрыканцы лістапада прайшлі канцэрты для вучняў пачатковых класаў Параслянскай сярэдняй школы пад назвай “Восеньскія забавы”.

Кажуць, што восень – гэта сум, пастаянныя дажджы, пахмурнае надвор’е. Нават песні пра восень у асноўным сумныя. Але артысты, якія выступалі на сцэне, змаглі даказаць юным гледчам, што гэта не так!

Цэлы блок канцэртных нумароў падрыхтавалі вучні школы мастацтваў для сваіх аднакласнікаў: рабяты ігралі на домры, баяне, цымбалах, скрыпцы, фартэпіяна і, канечне, спявалі пра восень.

Упершыню на сцэне выступіў харавы калектыў “Галасы дзяцінства” вучняў малодшых класаў Новазасімавіцкай дзяцячай школы мастацтваў (кіраўнік – Юлія Юр’еўна Макаранка, канцэртмайстар – Таццяна Іванаўна Камянюк).

Падчас канцэрта таксама прайшлі конкурсы “восеньскія асацыяцыі”, “уважлівасць”, “фізкультхвілінка”. Дзеці ўспаміналі словы, звязаныя з восенню, пад музыку паўтаралі з вядучым цікавыя рухі. Да таго ж на канцэрт завітаў Мухамор Мухаморавіч, які загадваў гледачам загадкі і гуляў з імі.

Артысты падаравалі гледачам выдатны настрой і пазітыўную энергетыку!

Добавить комментарий