Мінулы тыдзень і выхадныя дні ва ўстановах культуры выдаліся насычанымі на самыя разнастайныя мерапрыемствы.
У Слабудскім сельскім Доме культуры адкрылася выстава “Наша фантазія”. Яе маленькім гледачам было прапанавана наведаць занятак, на якім можна было навучыцца ствараць прыгожыя вырабы сваімі рукамі. Для падлеткаў прайшла сустрэча, падчас якой юнакі і дзяўчаты паразважалі на тэму “Ці лёгка быць маладым?”, а для школьнікаў сярэдняга ўзросту – віктарына “У свеце жывёл”. У выхадныя вечарам у Слабудцы, як звычайна, адбылася дыскатэка.
Камандную гульню-віктарыну “Тэатральны КВІЗ” зладзіў Ліноўскі сельскі Дом культуры. Мясцовы вакальны гурт “Каханачка” з выязной канцэртнай праграмай выступіў у музеі народнага побыту і старадаўніх тэхналогій у Белавежскай пушчы.
Мокраўскі сельскі Дом культуры правёў для дзяцей віктарыну “Фарбы восені”, а Сухопальскі сельскі клуб-бібліятэка – музычную гульню-віктарыну “Шыварат навыварат”.
Шарашоўскі цэнтр культуры і вольнага часу, як заўсёды, прапанаваў сваім наведвальнікам розныя справы. Так, у суботу адбыўся дзіцячы турнір па більярдзе, а ў нядзелю – конкурс “Вясёлыя скорагаворшчыкі”.
Вырабу падзелак з прыроднага матэрыялу быў прысвечаны майстар-клас у Роўбіцкім сельскім Доме культуры. Кіраўнік гуртка дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва І.Граматовіч прапанавала рабятам зрабіць саву з кляновага лісця.
Удзельнікі аматарскага аб’яднання “Майстэрня добрага настрою” Калазубскага сельскага клуба-бібліятэкі прыемна правялі вольны час на вечарыне “Гэта свята – дзень нараджэння!”. Яны спаборнічалі ў конкурсах, прадстаўлялі тэатралізаваныя замалёўкі, спявалі, душэўна размаўлялі за кубачкам чаю.