Разам заўсёды адпачываць весялей – гэта своеасаблівы дэвіз арганізацыі летняй занятасці дзяцей. Гэта ў чарговы раз пацвердзілі шматлікія мерапрыемствы, праведзеныя клубнымі ўстановамі раёна ў першы тыдзень летніх канікул.
Калазубскі сельскі клуб-бібліятэка запрасіў мясцовых рабят на вясёлую гульнявую праграму, пасля якой яны падмацаваліся салодкасцямі. Апасля дзеці заняліся карыснай справай – дапамагалі дарослым рыхтавацца да свята аграгарадка. Сапраўды, разам адпачываць і працаваць весялей!
Некалькі мерапрыемстваў для дзяцей прайшло ў Новазасімавіцкім сельскім Доме культуры. Так, аматарскае аб’яднанне “Живчик” запрасіла рабят на экалагічную віктарыну “Зялёныя каруселі прыроды”. Майстар-клас па аквагрыму правяла для жадаючых В.Качанава. Хлопчыкі і дзяўчынкі наведалі дыскатэку. Ва ўстанове таксама працягвае працу дзіцячая гульнявая пляцоўка, дзе можна адпачыць – расфарбаваць выявы любімых мульперсанажаў, скарыстацца настольнымі гульнямі – шашкамі, даміно, пазламі, пагуляць на свежым паветры, паслухаць музыку і інш.
Вучні сярэдняй школы № 3 г.Пружаны наведалі Рудніцкі сельскі клуб-бібліятэку і паўдзельнічалі ў забаўляльна-пазнавальнай гульні “ПростаКанікулава”. Да таго ж рабяты здзейснілі экскурсію ў мясцовы храм Пакрова Прасвятой Багародзіцы разам з настаяцелем Анатолем Кавальскім і работнікамі культуры.
Дзіцячую акцыю “Адпачываем разам!” арганізаў Шарашоўскі цэнтр культуры і вольнага часу. Хлопчыкі і дзяўчынкі прыбралі смецце каля пасялковага возера пасля чаго пачаставаліся на прыродзе і пагулялі ў розныя гульні. Таксама ва ўстанове прайшоў “Дзень імянінніка”.
Пружанскі аўтаклуб наведаў прышкольны лагер, які працуе ў Варанілавіцкім навучальна-педагагічным комлексе дзіцячы сад – сярэдняя школа. Рабят запрасілі на забаўляльна-спартыўную праграму “У краіне дзяцінства”. Разам з Міні Маусам малыя гулялі, спаборнічалі, танцавалі, весяліліся.
Выставу “Спяшайцеся рабіць прыгажосць” арганізаваў гурток “Сувенір” (кіраўнік А.Гадуйка) у Слабудскім сельскім Доме культуры.